На пасажырскім пераходзе ў Тэрэспалі рух транспарту ажыццяўляецца ў пастаянным рэжыме.
Прэс-сакратар Палаты падатковага адміністравання ў Любліне Міхал Дэрус паведаміў агенцтву PAP, што, паводле звестак беларускага боку, у панядзелак уезду ў Польшчу з Беларусі чакаюць каля 200 грузавікоў, што азначае 7 гадзін чакання. У 8-гадзіннай чарзе з польскага боку каля 250 грузавікоў. За начную змену на пераходзе ў Карошчыне ў абодва бакі быў аформлены 701 грузавік.
У Тэрэспалі, паведаміў прадстаўнік Люблінскага УУС, на ўездзе ў Польшчу праз пасажырскі памежны пераход у трохгадзіннай чарзе стаяць 190 аўтамабіляў. Рух у бок Беларусі ажыццяўляецца на пастаяннай аснове. За мінулую змену на пераходзе ў Тэрэспалі аформлена 519 транспартных сродкаў, у тым ліку 451 легкавы і 68 аўтобусаў.
10 лютага. Рух на польска-беларускім аўтамабільным памежным пераходзе ў Баброўніках (Падляскае ваяводства) прыпынены да асобага распараджэння. Гэта вынік рашэння кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Марыюша Камінскага, прынятага, як заявіў міністр, «у сувязі з важным інтарэсам дзяржаўнай бяспекі». Раней беларускі суд у Гродне прысудзіў журналіста Анджэя Пачобута да васьмі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
У сувязі з уведзенымі беларускім бокам абмежаваннямі польскія перавозчыкі не могуць карыстацца памежнымі пераходамі на ўчастку мяжы Беларусі з Літвой і Латвіяй. Іх машыны афармляюцца толькі на памежным пераходзе ў Карошчыне. Таму кіраўнік МУС прыняў рашэнне абмежаваць рух грузавога аўтатранспарту Беларусі на памежным пераходзе Кукурыкі – Казловічы. Рух тавараў праз гэты памежны пункт адкрыты толькі для транспартных сродкаў, зарэгістраваных у краінах ЕС і ЕАСТ.
Беларускія перавозчыкі могуць ехаць у Беларусь праз Літву і Латвію. Абмежаванне не распаўсюджваецца на пасажырапаток на памежным пераходзе ў Тэрэспалі.
PAP/вх