Беларуская Служба

Устаноўлены антырэкорд нараджальнасці, дэмаграфічная сітуацыя катастрафічная

16.02.2024 12:39
Гэта самы нізкі паказчык за ўвесь час, што вядуцца падлікі.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Jeerapong Tosa-ngad/Shutterstock

У Беларусі ў 2023 годзе нарадзілася рэкордна малая колькасць дзяцей, піша «Наша Ніва» са спасылкай на звесткі Міністэрства юстыцыі. Міністэрства юстыцыі дала справаздачу, што летась у краіне было зарэгістравана больш за 65 тысяч актаў аб нараджэнні. Гэта катастрафічна мала, зазначае выданне. Гэта самы нізкі паказчык за ўвесь час, што вядуцца падлікі.

Для параўнання, у 1953 годзе ў Беларусі нарадзілася амаль у тры разы больш дзяцей – 176 200. Затым гэта колькасць то зніжалася, то павялічвалася (у 1973 – 144 729 дзяцей, у 1983 – 173 тысячы 510). Сур'ёзны правал здарыўся ў пачатку нулявых. У 2003 г. нарадзіліся крыху больш за 88 тысяч дзяцей, але затым зноў пачаўся ўздым нараджальнасці. У 2013 гэты паказчык склаў ужо больш за 117 тысяч.

У 2019 – да COVID, пратэстаў, рэпрэсій і масавага выезду беларусаў за мяжу – у краіне нарадзіліся 87 602 дзіцяці.

Да гістарычнага мінімуму апусціўся летась і каэфіцыент нараджальнасці (прапорцыя колькасці народжаных да агульнай колькасці насельніцтва). Яна склала 7,08. Гэта менш, чым у часы Другой сусветнай вайны. У 2013 год, для параўнання, гэты паказчык складаў 12,46, у 2019-м – 9,3.

Наша Ніва

нг