Беларуская Служба

Заходнія разведкі мяркуюць, што Расія перакіне свае войскі ў Беларусь у выпадку перамір’я ва Украіне

19.05.2025 15:15
Пуцін стане галоўнай небяспекай для Еўропы, калі скончыцца вайна ва Украіне.
 .
Расійскія салдаты. Фота: shutterstock.com/eanstudio

Пра гэта, як піша Zerkalo.io са спасылкай на BILD, гавораць прадстаўнікі спецслужбаў Захаду. «У выпадку заканчэння баявых дзеянняў ва Украіне пагроза для нас узрасце», - заявіў міністр абароны Эстоніі Ханно Пеўкур у гутарцы з BILD.

Каля 800 тысяч расійскіх салдат у выпадку перамір'я не адправяцца дадому, гаворыць Пеўкур, а атрымаюць новыя загады. З ім згодны і спецслужбы. Як стала вядома BILD, у выпадку перамір'я заходнія разведкі асцерагаюцца хуткай перакідкі расійскіх войскаў з Украіны да межаў Фінляндыі і Нарвегіі, а таксама да балтыйскіх краін і ў Беларусь - гэта значыць амаль на мяжу з Польшчай.

У спецслужбах упэўнены, што адпаведныя планы ўжо распрацаваны, а за апошнія месяцы Расія падрыхтавала і неабходную інфраструктуру. Усё рэалізаваць пакуль перашкаджае толькі вайна ва Украіне.

Крыніца BILD сцвярджае, што калі перамір'е адбудзецца ў бліжэйшы час і Расія будзе ўпэўнена ў яго надзейнасці, то можа перакінуць войскі ў Беларусь падчас вучэнняў "Захад-2025". Яна нагадала, што Расія выкарыстоўвала ваенныя манеўры ў Беларусі як падставу для размяшчэння арміі паблізу ўкраінскіх межаў у 2021 годзе. На гэты раз, паводле яе слоў, магчымымі мэтамі стануць Літва або Польшча.

«Вядома, мы ўсе хочам, каб ва Украіне наступіў мір. Але трэба сапраўды сказаць: калі вайна працягнецца, "Захад-2025" застанецца толькі манеўрамі, бо ключавыя сілы будуць занятыя ў іншым месцы. Калі ж яна скончыцца на ўмовах Расіі, вучэнні могуць стаць пачаткам новай вайны супраць нас», – кажа крыніца.

«Расія ўспрымае слабасць як магчымасць для новых нападаў. Пасля Грузіі быў Крым, потым Данбас, затым Украіна. Калі мы дазволім Пуціну зразумець, што ён можа захаваць анексаваныя тэрыторыі, ён абярэ сабе наступную, буйнейшую мэту», - папярэдзіў яшчэ адзін заходні чыноўнік.

Раней еўракамісар па пытаннях абароны Андрус Кубілюс заяўляў: у Еўракамісіі расцэньваюць як вельмі верагодны сцэнарый, што ў бліжэйшыя тры-пяць гадоў у Еўропе можа пачацца новая вайна.

нг

«Найлепшая мадэль — швейцарская». Гутарка пра няўзброенасць польскага грамадства і паралелі з 1939 годам

17.05.2025 17:52
Ці палякі засвоілі ўрокі мінулай і сённяшняй вайны? Інтэрв’ю з гісторыкам.