Вадаёмы Беларусі гэтай вясной рэкордна абмялелі. Да прыкладу, у Брэсцкай вобласці не сфармавалася веснавая паводка. Прыпяць ужо паводзіцца не так, як звычайна — упершыню за некалькі дзясяткаў гадоў вясной не выйшла з берагоў. Якія гэта нясе рызыкі і пагрозы, расказалі на СТБ, якога цытуе Зеркало.
30 мільёнаў кубаметраў вады сёння бракуе ў вадасховішчы рыбгаса «Сялец». Гэта практычна 2/3 яго аб’ёму. На рыбгас «Сялец» прыпадае да чвэрці аб’ёмаў гадавання айчыннай рыбы — карпавых, асятровых, сома, шчупака, карася. У год да 3000 тон, не лічачы матачнага пагалоўя.
Тое, што сёння бачыцца маляўнічым пясчаным берагам, раней цалкам закрывала водная тоўшча. Прынцып просты — вадасховішча падобнае да вялікага банка, які папаўняецца за кошт ракі Ясельда. Адсюль ваду скіроўваюць у сажалкі для гадавання 15 відаў рыбы. Але не сёлета. За 37 гадоў працы ў гаспадарцы дырэктар такога не ўспомніць. Такога крытычнага зніжэння ўзроўню вады ў вадасховішчы яшчэ не было, заяўляюць у рыбгасе.
Летняя засуха, сухая восень, бясснежная зіма і сціплая на ападкі вясна — усё гэта прывяло да маштабнага абмялення. У гаспадарцы вымушана перайшлі на ашчадны метад гадавання рыбы. Што гэта значыць? Аб’ём вады ў сажалках знізілі да крытычных 80%. Падключылі помпы, каб перапампоўваць ваду з самага ніжняга пункта гаспадаркі, беручы на сябе дадатковыя выдаткі па электраэнергіі. Самая экстрэмальная мера — спустошылі чатыры сажалкі. Гэта быў адзіны шанец напоўніць суседнія вадаёмы да нармальнага ўзроўню.
Водны крызіс закрануў усе рыбныя гаспадаркі краіны.
— На жаль, сёлета гэтая сітуацыя па ўсёй краіне. Калегі мае ў размовах таксама звяртаюць увагу, што сёння засталіся без вады. Гэта і Віцебская вобласць, Паставы, і Мінская вобласць, і нашыя Ганцавічы і Палессе, Свіслач маюць дэфіцыт вады, — кажа дырэктар доследнага рыбгаса «Сялец» Юрый Бажэнаў.
Сёлета рэкі Брэсцкай вобласці пазбавіліся вясновай паводкі — за зіму выпала толькі палова ад кліматычнай нормы ападкаў, вясновы сцёк чакаецца самым нізкім за апошнія 20 гадоў.
— Мы назіраем рэальную засуху, — тлумачыць загадчык лабараторыі аптымізацыі экасістэм Палескага аграрна-экалагічнага інстытута НАН Беларусі Віктар Дзямянчык. — Засуха прывяла, напрыклад, да таго, што буйныя жывёлы зазналі недахоп кармавой базы, таму яны наблізіліся да населеных пунктаў. Напрыклад, лісы, янотападобныя сабакі. Праз недахоп вільгаці гэты сезон будзе выпрабаваннем для нашай занальнай прыроды.
Калі сухое надвор’е захаваецца, узроўні вады ў рэках дасягнуць мінімальных адзнак за ўсю гісторыю гідралагічных метэаназіранняў, прагназуюць эксперты.
нг