Беларуская Служба

Ствараецца Інстытут нацыянальнай памяці для Беларусі

17.03.2026 13:08
Юрыдычная каманда Офіса Святланы Ціханоўскай падрыхтавала адказы на пытанні пра тое, што гэта за інстытут, навошта ён патрэбны і як будзе працаваць.
Ствараецца Інстытут нацыянальнай памяці для Беларусі крыніца:tsikhanouskaya.org

Офіс Святланы Ціханоўскай разам з групай праваабаронцаў і гісторыкаў распрацавалі Канцэпцыю стварэння Інстытута нацыянальнай памяці для Беларусі.

Інстытут нацыянальнай памяці для Беларусі — гэта незалежны механізм, які будзе працаваць на аснове закона, міжнародных стандартаў і прынцыпу права на ісціну — як індывідуальнага, так і калектыўнага. Канцэпцыя грунтуецца на досведзе Польшчы, Германіі, Чэхіі, краінаў Балтыі, Іспаніі, Украіны і ПАР.

Інстытут нацыянальнай памяці ў гэтай мадэлі становіцца месцам, дзе аднаўляюцца імёны, адкрываюцца дакументы і ствараецца агульная прастора сумленнага разважання пра мінулае як аснову дэмакратычнай будучыні.

У рамках дзейнасці Інстытута нацыянальнай памяці прадугледжваецца:

– дакументаванне механізмаў рэпрэсіяў;

– аднаўленне імёнаў і годнасці пацярпелых, а таксама механізмы рэабілітацыі пацярпелых ад дзеянняў рэжыму Лукашэнкі;

– адкрыццё архіваў і доступ да дакументаў;

– інтэграцыя правераных ведаў у адукацыі і публічнай прасторы;

– праверка люстрацыйных дэкларацыяў дзяржаўных службоўцаў, суддзяў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

«Інстытут нацыянальнай памяці арыентуецца на павагу да продкаў, нацыянальную памяць і свядомасць, бо толькі праз гэта можна ўмацаваць грамадства», пазначаецца на старонцы Офіса Святланы Ціханоўскай.

яс