Беларуская Служба

Лукашэнка павіншаваў кіраўніка партыі «Тыса» Петэра Мадзьяра з перамогай

13.04.2026 16:17
На думку кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, змена ўлады ў Венгрыі можа істотна памяняць адносіны паміж краінамі.
Петэр Мадзьяр PAP/EPA/TIBOR ILLYES

Як паведаміла прэсавая служба, Лукашэнка «выказаў надзею, што моцны голас Венгрыі на міжнароднай арэне будзе і далей гучаць у духу прагматызму, імкнення на падтрымку ўсеагульнай бяспекі, павагі да ўсіх народаў».

— Упэўнены, традыцыі сяброўства і ўзаемавыгаднай супрацы, якія склаліся за шматлікія гады паміж Мінскам і Будапештам, павінны прадоўжыцца, — адзначыў Лукашэнка.

У сваю чаргу на думку кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, змена ўлады ў Венгрыі можа істотна памяняць адносіны паміж краінамі. Апазіцыйны палітык нагадвае, што Венгрыя — гэта першая краіна, якая прызнала Лукашэнку, прымаючы даверчыя граматы ад яго пасла.

— Мы павінны падымаць пытанне аб тым, каб Венгрыя адклікала свайго пасла з Мінска. І дамагалася, каб рэжым адклікаў свайго пасла з Будапешта. Прызнаваць дыктатара, які здзяйсняе столькі злачынстваў, паводле мяне, недапушчальна.

Павал Латушка на сваім канале YouTube нагадаў, што Венгрыя — гэта дзірка ў Шэнгенскай сістэме. Дзякуючы ёй чыноўнікі і працаўнікі служб могуць атрымліваць візы і ехаць у ЕС.

Кіраўнік НАУ мяркуе, што цяпер будзе прыняты 20-ы пакет санкцый супраць Расіі, якія ахоплівае і Беларусь.

ав