Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы папярэджвае пра значныя рызыкі ў магчымым дыялогу з Беларуссю. Пра гэта заявіў кіраўнік ведамства Рымігіюс Брыдыкіс, падкрэсліўшы, што адпаведныя ацэнкі ўжо перададзены палітыкам, якія прымаюць рашэнні, паведамляе партал Delfi.
Паводле яго, беларускі бок працягвае разведвальную дзейнасць, а таксама спрабуе ўплываць на Літву і маніпуляваць сітуацыяй.
— Адзін аспект — гэта нанясенне шкоды і ўплыў на нас. Іншы — пошук адносін з Захадам, — адзначыў кіраўнік літоўскай спецслужбы, дадаўшы, што супрацоўніцтва Мінска з Расіяй толькі ўзмацняе пагрозы.
Рымігіюс Брыдыкіс падкрэсліў, што задача спецслужбаў — паказваць усе рызыкі, а не даваць палітычныя рэкамендацыі.
У Вільні пры гэтым не выключаюць абмежаваны дыялог з афіцыйным Мінскам на ніжэйшым узроўні, аднак падкрэсліваюць: гэта не азначае змены палітычнага курсу.
эж