Аперацыі з карткамі MasterCard «Альфа-Банку» і «Белгазпрамбанку» робяцца недасяжнымі на тэрыторыі Еўрасаюза і нават у інтэрнэт-крамах, зарэгістраваных у Еўропе, паведамляе «Белсат».
З 21 красавіка, як і было анансавана раней, карткі MasterCard двух беларускіх банкаў — «Альфа-Банку» і «Белгазпрамбанку» — перастануць працаваць у Еўрасаюзе і шэрагу іншых краінаў Еўропы.
«Альфа-банк» даў поўны спіс краінаў, дзе перастануць працаваць яго карткі MasterCard: гэта Аўстрыя, Балгарыя, Бельгія, Вугоршчына, Грэцыя, Данія, Злучанае Каралеўства, Ірландыя, Ісландыя, Іспанія, Італія, Кіпр, Латвія, Ліхтэнштэйн, Літва, Люксембург, Мальта, Нарвегія, Нідэрланды, Германія, Партугалія, Польшча, Румынія, Славаччына, Славенія, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чэхія, Швецыя, Эстонія.
У гэтых краінах з 21 красавіка не атрымаецца расплаціцца MasterCard «Альфы» ў фізічных крамах і інтэрнэт-крамах, зняць гатоўку ў банкаматах, зрабіць пераводы з карткі на картку праз лакальныя сэрвісы.
Да 16 чэрвеня «Альфа-Банк» прыбраў камісію за зняцце ўласных сродкаў за мяжой, незалежна ад сумы. Тым, хто не можа зняць грошы ў банкамаце, прапануюць бясплатна перавесці грошы на картку іншага беларускага банку праз АРІП.
«Белгазпрамбанк» таксама пацвердзіў спыненне працы MasterCard у Еўрасаюзе. Сярод іншага, банк адзначыў, што карткі перастануць працаваць у інтэрнэт-крамах, зарэгістраваных на тэрыторыі ЕС — то бок, нават калі пакупнік перабывае на «непадсанкцыйнай» тэрыторыі, але купляе тавары ў краме з Еўрасаюза.
18 сакавіка ў ЕС, Злучаным Каралеўстве, Ісландыі, Ліхтэнштэйне і Нарвегіі перасталі працаваць карткі Visa «Альфа-Банку» і «Белгазпрамбанку».
Іншыя банкі працяглы час маюць праблемы з працай беларускіх картак у Еўропе, Злучаных Штатах і іншых краінах — часам нават у тых, якія не ўводзілі санкцыяў адносна Беларусі. Выглядае, што паспяховасць аплаты залежыць не ад краіны, а ад канкрэтнага экваера — банку ці арганізацыі, што прымае аплату карткай беларускага банку.
аз