Беларуская Служба

Год таму памёр пратэстовец Генадзь Шутаў, у якога ў Брэсце страляў вайсковец

19.08.2021 14:16
Жыццё Шутава спачатку ратавалі брэсцкія лекары, пасля яго перавезлі ў сталіцу.
Генадзь Шутаўфота з сацыяльных сетак

19 жніўня 2020 года ў Мінску ў вайсковым шпіталі памёр пратэстовец Генадзь Шутаў, у якога ў Брэсце страляў вайсковец. 44-гадовы мужчына быў паранены ў галаву 11 жніўня мінулага года падчас разгону мірных масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Жыццё Шутава спачатку ратавалі брэсцкія лекары, пасля яго перавезлі ў сталіцу.

Падчас суда стала вядома, што страляў у пратэстоўца афіцэр армейскага спецназу, якога накіравалі для дапамогі АМАПу, капітан Раман Гаўрылаў. Па факце смерці Шутава не распачалі крымінальную справу. Больш таго, загінулага зрабілі... абвінавачаным.

25 лютага 2021 года ў Брэсце суд прызнаў Генадзя Шутава пасмяротна вінаватым у супраціве вайскоўцу з ужываннем гвалту. Яго сябар і сведка забойства Аляксандр Кардзюкоў быў асуджаны за тое ж самае на 10 гадоў калоніі. У маі праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Генадзь Шутаў працаваў вадзіцелем вялікагрузных аўтамабіляў. У яго засталіся пяцёра дзяцей.

вс