Беларуская Служба

«Бацькаўшчыну» хочуць ліквідаваць

21.08.2021 07:24
Вярхоўны суд Беларусі ўзбудзіў справу аб ліквідацыі МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» за перанос даты З'езду беларусаў свету.
     ,   , 2017
Уладзімір Макей на з'ездзе беларусаў свету, арганізаваным ЗБС «Бацькаўшчына», 2017 годЗБС «Бацькаўшчына»/t.me/by_culture

20 жніўня Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» атрымала ліст з Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь з прапановай да ўпаўнаважанага прадстаўніка Згуртавання 25 жніўня зʼявіцца на гутарку ў парадку падрыхтоўкі да судовага разбіральніцтва.

Такім чынам, стала вядома, што Вярхоўны суд  на позву Міністэрства юстыцыі Беларусі ўзбудзіў справу аб ліквідацыі Міжнароднага грамадскага абʼяднання «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».

Міністэрства юстыцыі пастанавіла, што ад 15 ліпеня 2021 г. кіруючы і кантрольна-рэвізійны органы МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» зʼяўляюцца нелегітымнымі, а 27 ліпеня 2021 г. Міністэрства нават выключыла інфармацыю адносна кіраўніка арганізацыі з Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Прычына – перанос VIII Зʼезду беларусаў свету на наступны год праз абмежаванні, накладзеныя сусветнай каранавіруснай пандэміяй, за які прагаласавала Вялікая Рада ЗБС «Бацькаўшчына». Пры гэтым рашэнне аб пераносе з’езду прымалася пасля кансультацый з Мінюстам.

Раней цягам пазапланавай праверкі Згуртавання ў першай дэкадзе ліпеня, Мінюст вынес арганізацыі два папярэджанні:
– першае – за не выкладзеную на сайт zbsb.org, але дасланую ў Мінюст справаздачу аб дзейнасці, якую, паводле заканадаўства, пры такіх умовах размяшчаць на сайце і неабавязкова;
– другое – за тое, што ў перыяд з 14 да 22 ліпеня арганізацыя не ліквідавала пералік устаноўленых міністэрствам парушэнняў.

Ліквідацыя парушэнняў не ўяўлялася магчымай праз тое, што ранкам 14 ліпеня на офісе Згуртавання адбыўся ператрус, пасля чаго памяшканне было апячатанае Следчым камітэтам. 20 жніўня арганізацыя атрымала ліст ад Следчага камітэту, з якога вынікае, што ў дачыненні да Згуртавання распачата справа «па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 361 КК».

МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» было створанае ў 1990 годзе на хвалі нацыянальнага адраджэння і працавала ўсе гэтыя гады, каб кансалідаваць беларусаў у краіне і па-за яе межамі дзеля развіцця Беларусі.

юл