Суд Фрунзенскага раёна Мінска 9 верасня разгледзеў справы ў дачыненні да трох мінчан, затрыманых у гэты ж дзень раніцай падчас маршу на вуліцы Кунцаўшчына, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
У Фрунзенскім РУУС у дачыненні да затрыманых склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
24-гадовы Уладзіслаў Кубіцкі арыштаваны на 15 сутак. Сваю віну ў судзе не адмаўляў. Суддзя Юлія Блізнюк пацікавілася, як ён мог не ведаць, што шэсце з «пратэстнай» сімволікай незаконнае. Кубіцкі адказаў, што зразумеў гэта пасля затрымання.
Да матэрыялаў справы былі далучаны паказанні мужчыны, якія ён даў адразу пасля затрымання. Ён заявіў, што «пасля прызыву вырашыў прыняць удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў выглядзе шэсця, якое павінна было адбыцца па вуліцы Кунцаўшчына ў бок станцыі метро «Каменная Горка». У судзе Кубіцкі заявіў, што яму «загадалі прачытаць гэтыя словы ў РУУС».
41-гадоваму Дзмітрыю Палякову суддзя Наталля Бугук прызначыла 13 сутак арышту. У судзе затрыманы распавёў, што днямі яму прыйшло паведамленне ў «Телеграм» з прапановай паўдзельнічаць у маршы. Раніцай 9 верасня ён з дзяўчынай падышоў да 26-й палікліннікі і чакаў пачатку шэсця. Туды пачалі падыходзіць невядомыя людзі ў чорнай вопратцы. Потым да іх падбегла невядомая дзяўчына і раздала бел-чырвона-белыя сцягі. Праз некалькі хвілін у метрах дзесяці ад сябе ён заўважыў некалькі людзей, якія ўжо ішлі са сцягамі. Ён з дзяўчынай пачалі ісці да групы людзей, але праз два метры іх затрымалі.
37-гадовая Аляксандра Данчанку, сяброўка Палякова, рашэннем суддзі Юліі Блізнюк аштрафаваная на 90 базавых велічыняў (2.610 рублёў). Па словах дзяўчыны, раней яна не ўдзельнічала ў пратэстных акцыях, на марш пайшла па прапанове Палякова.
Па звестках праваабаронцаў, на маршы таксама былі затрыманыя маці і сын Таццяна і Аляксей Бусел, а пасля ператрусу ў іх кватэры быў затрыманы і Сяргей Бусел – муж і бацька, ноччу яго адпусцілі. Справы маці і сына ў судзе Фрунзенскага раёна не разглядалі, іх статус невядомы.
ав/Вясна