Беларуская Служба

У Беларусі ўвялі абавязковую вакцынацыю дзяцей ад каранавіруса

07.01.2022 13:34
Рашэнне Мінздароўя датычыць дзяцей 12–17 гадоў.
Вакцынацыя супраць кавіду PAP/EPA/REMKO DE WAAL

Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла, што згодна з пастановай ад 30 снежня 2021 года ў пералік абавязковых прафілактычных прышчэпак для дзяцей ва ўзросце ад 12 да 17 гадоў унесена вакцынацыя ад COVID-19, піша Свабода.

Паводле ведамства, мэта вакцынацыі – забеспячэнне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту і прафілактыкі захворвання дзіцячага насельніцтва COVID-19.

Прышчапіцца можна не раней, чым праз 6 месяцаў пасля перанесенай дзіцем інфекцыі COVID-19, у адпаведнасці з інструкцыяй па медычным прымяненні імунабіялагічнага лекавага сродку, агульнай характарыстыкай лекавага прэпарата і адсутнасцю супрацьпаказанняў да вакцынацыі ў дзяцей.

У цяперашні час для вакцынавання прапануецца інактываваная вакцына супраць COVID-19 – Verо Cell кітайскай вытворчасці.

У сярэдзіне снежня міністэрства паведаміла, што ў Беларусі поўную вакцынацыю прайшлі 3 мільёны 298 тысяч чалавек. Згодна з прыведзенымі лічбамі, найхутчэй вакцынацыя праходзіла ў Мінску, а павольней за ўсё ў Віцебскай вобласці.

ав