У красавіку інфляцыю ў Беларусі магло паскорыць паслабленне адміністрацыйнага рэгулявання цэн, гаворыцца ў штотыднёвым макраэканамічным аглядзе Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР).
Эксперты звяртаюць увагу, што ў рамках паслаблення быў «скарочаны пералік рэгуляваных пазіцый» і «спрошчаны парадак узгаднення павышэння коштаў прадпрыемствамі».
«Інфляцыя ў Беларусі склала 6,5% (тут і далей у гадавым выражэнні) у красавіку пасля 5,9% у сакавіку», — канстатуецца ў аглядзе.
Адзначаецца, што рост цэн паскорыўся па ўсіх ключавых кампанентах спажывецкага кошыка, пры самым прыкметным росце кошту спажывецкіх тавараў (+8,3% у красавіку пасля +7,5% у сакавіку).
«Асноўнымі фактарамі сталі далейшае паслабленне беларускага рубля да расійскага і паскарэнне росту цэн на сезонную гародніну і садавіну», — падкрэсліваюць эксперты.
Як паведамляў «Позірк», спажывецкія цэны ў красавіку 2025 года выраслі на 1%, з пачатку года — на 3,8%, у гадавым вымярэнні — на 6,5%.
Пастанова Савета міністраў № 713 (6) ад 2 красавіка 2025 года скараціла спіс тавараў, якія падлягаюць цэнаваму рэгуляванню — «зыходзячы з балансу інтарэсаў дзяржавы і ўдзельнікаў спажывецкага рынку» — з 331 да 211 пазіцый (-36,3%). Урад заявіў, што рашэнне паменшыць пералік «грунтавалася на неабходнасці падтрымання ўзроўню інфляцыі і выключэнні з цэнавага рэгулявання тавараў непаўсядзённага попыту або прэміўм-класа».
аз