Беларуская Служба

КДБ прызнаў Беларускі Хельсінкскі камітэт «экстрэмісцкім фарміраваннем»

06.04.2026 13:04
Беларускі Хельсінкскі камітэт — добраахвотная, незалежная, непалітычная, грамадская, праваабарончая арганізацыя, якая працуе з 1 лістапада 1995 года.
Будынак КДБ у Мінску Shutterstock.com/kateafter

Камітэт дзяржаўнай бяспекі 31 сакавіка прызнаў Беларускі Хельсінкскі камітэт (БХК) — вядомую праваабарончую арганізацыю — «экстрэмісцкім фарміраваннем», вынікае з абноўленага 6 красавіка спісу на сайце Міністэрства ўнутраных спраў. Цяпер у пераліку 384 пазіцыі, 346 арганізацый, паведамляе «Позірк».

Датычнымі да «фарміравання» названыя Дзмітрый Маркушэўскі (1978 года нараджэння) і Павел Левінаў (1961 г.н.).

У спісе адзначана, што з БХК звязаныя сайты belhelcom.org і youarenotwrong.webflow.io, шэраг старонак у сацыяльных сетках.

7 чэрвеня 2024 года суд Чыгуначнага раёна Гомеля прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» кантэнт асноўнага сайта БХК і яго старонкі ў «Фэйсбуку». Арганізацыя расцаніла гэта як «адвольнае абмежаванне» права займацца праваабарончай дзейнасцю, у прыватнасці права распаўсюджваць інфармацыю і веды пра правы чалавека і механізмы іх абароны.

16 снежня 2022 года ва ўзросце 55 гадоў памёр старшыня БХК Алег Гулак.

Беларускі Хельсінкскі камітэт — добраахвотная, незалежная, непалітычная, грамадская, праваабарончая арганізацыя, якая працуе з 1 лістапада 1995 года.

Заснавальнікамі БХК былі вядомыя грамадскія і культурныя дзеячы краіны: пісьменнікі Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Радзім Гарэцкі, Святлана Алексіевіч, Генадзь Бураўкін, юрысты Юрый Хадыка, Карлас Шэрман.

1 кастрычніка 2021 года Вярхоўны суд пазбавіў БХК рэгістрацыі, аднак арганізацыя працягнула працу.

У ліпені 2022-га, нягледзячы на рашэнне ўладаў пра юрыдычную ліквідацыю, БХК першым з беларускіх недзяржаўных арганізацый атрымаў кансультатыўны статус пры ЭКАСАС ААН.

БХК выпускае Нацыянальны індэкс па правах чалавека.

вс