Беларуская Служба

Палякі адзначаюць гадавіну першых часткова свабодных выбараў у пасляваеннай Польшчы

04.06.2021 08:15
Выбары далі пачатак сістэмным пераўтварэнням у Польшчы і падзенню камунізму.
            .
Выбарчая ўлётка Грамадзянскага камітэта ў Познані з прозвішчамі кандыдатаў у Сейм і Сенат. Autorstwa nn - Ulotka wyborcza - Solidarność, 1989r., Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=24801807

4 чэрвеня 1989 году, адбыліся першыя ў пасляваеннай гісторыі Польшчы часткова свабодныя (кантрактныя) выбары ў Сейм ды поўнасцю свабодныя выбары ў Сенат.

Рух «Салідарнасць», пад кіраўніцтвам Леха Валэнсы, дабіўся бліскучай перамогі над Польскай аб’яднанай рабочай партыяй (PZPR), якая кіравала дзяржавай цягам усяго перыяду ПНР, гэта значыць, ад заканчэння Другой сусветнай вайны.

Выбары далі пачатак сістэмным пераўтварэнням у Польшчы і падзенню камунізму. Упершыню ад 1945 году быў выбраны Сенат – вышэйшая палата польскага парламента. Такім чынам узнік Нацыянальны сход, які складаецца з дзвюх палат.

Апазіцыя атрымала на выбарах 161 мандат у Сейме і 99 – у Сенаце, а значыць, максімальную колькасць, на якую згадзіліся камуністычныя ўлады падчас паседжання Круглага стала.

«Салідарнасць», якая ў чэрвені 1989 году з’яўлялася масавым грамадскім рухам, дабілася доступу да СМІ ў часе выбарчай кампаніі. Улады згадзіліся таксама на тое, каб апазіцыя выпускала свой бюлетэнь.

Апазіцыя ўспрымала ўдзел у часткова свабодных выбарах як цану, якую трэба заплаціць за рэлегалізацыю пасля 8 гадоў руху «NSZZ Solidarność». Нягледзячы на характар выбараў, іхны вынік суцэльна памяняў расклад палітычных сілаў і даў магчымасць узнікнення першага пасля 45 гадоў некамуністычнага ўраду ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Ягоным прэм’ер-міністрам быў выбраны Тадэвуш Мазавецкі.

Вынік выбараў быў вялікай перамогай «Салідарнасці». Толькі 40% выбаршчыкаў прагаласавалі за іншых кандыдатаў, чым тыя, якіх запрапанаваў Выбарчы камітэт «Салідарнасць». Падчас другога туру выбараў – 18 чэрвеня – былі выбраныя кандыдаты на вакантныя месцы, якія засталіся пасля паразы ў першым туры гэтак званага агульнапольскага спісу.
Выбарчая яўка склала 62% – гэта рэкорд у гісторыі ўсіх выбараў у Польшчы.

У рамках адзначэння сённяшняй гадавіны першых часткова свабодных выбараў у пасляваеннай Польшчы, сёння ў краіне праходзяць прынагодныя ўрачыстасці.

аз