Беларуская Служба

У Беластоку пачынаецца фестываль «Усход культуры/Іншае вымярэнне»

19.08.2021 10:11
У праграме шмат культуры, музыкі, мастацтва, моды, тэатру. Заіграюць гурты з Польшчы, Украіны ды Беларусі.
Здымак мае ілюстрацыйны характарhttp://www.wschodkultury.eu/

У праграме фестывалю больш за 20 мерапрыемстваў: канцэрты, выставы, кінапаказы, тэатральныя спектаклі, сустрэчы з аўтарамі і пазнавальныя прагулкі – усё гэта чакае гледачоў у Беластоку.

З сённяшняга дня да нядзелі (19-22 жніўня) у сталіцы Падляшша праходзіць фестываль «Усход культуры/Іншае вымярэнне», – кажа дырэктар Беластоцкага цэнтру культуры Гражына Дваракоўска.

- Які будзе фестываль? Думаю, як штогод, - энергічны. Вельмі цікавая праграма, разнастайная. У Беластоку будуць іншыя вымярэнні культуры, музыкі, мастацтва, моды, тэатру. Будзе шмат усяго адбывацца. Нашы беластоцкія артысты падрыхтавалі прэм'еры. Гэта вельмі важна для нас, бо мы хочам захоўваць спадчыну гораду. Сёлета шмат важных гадавін. Яны не прыпадаюць на фестываль, але будуць згаданыя.

Наведвальнікі фестывалю ўбачаць, між іншым, шоу «Curik ahejm. Вяртанне дадому», якое распавядае пра ліквідацыю нацыстамі Беластоцкага гета ў 1943 годзе, выставу «Украіна» Сцяпана Рудзіка і «Гісторыя мары пра кіно» на Падляшшы калектыву Górski і Kaufman Bros & Sista. У рамках «Іншага вымярэння музыкі» у Беластоку выступяць вядомыя артысты. Басіст і кампазітар Войцех Мазалеўскі прадставіць свае два праекты:

- Мы выступім па фестывалі «Усход культуры» з гуртом «Вайтэк Мазалеўскі квінтэт» разам з «Лабараторыяй песні». Гэта будзе новая праграма, моцна эксперыментальная. Трэба ўбачыць, усяго не раскажаш. Прыязджайце альбо сачыце за трансмісіяй у жывую. Будзе яшчэ канцэрт з гуртом «Pink Froid», які выпусціў новую кружэлку ў такой усходняй стылістыцы.

У Беластоку таксама выступяць наступныя артысты: Pablopavo, Ifi Ude, Магдалена Собчак, Сыльвія Сьвяткоўска ды Ева Валецка з Kapela ze Wsi Warszawa і гурт Chłopcy vs Basia.

У праграме таксама дэманстрацыя міждысцыплінарнага праекта «Жанчыны Усходу II», канцэрт з танцамі з удзелам капэлы «Батарэя» і капэлы «Жыдавачка» з Беларусі, а таксама канцэрт гурта Роберта Дыябела, які прадстаўляе рэміксаваную версію музыкі з оперы Джакама Мейербера.

Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны. Многія з іх таксама будуць даступныя для прагляду ў Інтэрнэце.

IAR/юл