Польскія ўлады лічаць штучна створаным крызіс з мігрантамі на мяжы з Беларуссю. Кіраўнік прэзідэнцкага бюро міжнароднай палітыкі Якуб Кумох заявіў, што крызіс з уцекачамі на мяжы з Беларуссю - штучная сітуацыя, створаная рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.
- Дадзеная гуманітарная сітуацыя мае абсалютна штучны характар, яе справакаваў рэжым Лукашэнкі. Трэба выразна сказаць, што дадзены рэжым ставіцца да гэтых людзей, якія апынуліся ў драматычнай жыццёвай сітуацыі, як да жывых шчытоў. Мы бачылі здымкі, што гэтых людзей прымусам выганяюць на мяжу, за імі ідуць узброеныя беларускія сілавікі. Гэта парушае чалавечую годнасць.
Чыноўнік зазначыў, што польскі ўрад не пагаджаецца на выкарыстанне іншай дзяржавай, дакладней рэжымам Лукашэнкі, людзей у якасці жывога шчыту. Таксама палітык заявіў, што будзе абмяркоўваць дадзеную сітуацыю з уладамі ў Вільні. Літва першай сутыкнулася з праблемай росту патоку нелегалаў з беларускага боку.
Каля населенага пункта Уснаж Гурны на Падляшшы, на нейтральнай паласе, якая аддзяляе Польшчу і Беларусь, знаходзяцца каля 50 чалавек з Блізкага Усходу - жанчыны з дзецьмі і мужчыны. Яны застаюцца там некалькі дзён.
Толькі ў жніўні больш за 1900 чалавек спрабавалі нелегальна перасекчы польска-беларускую мяжу.
юл