Беларуская Служба

Польскія вучні вярнуліся ў школы пасля даўжэйшага перапынку

10.01.2022 08:35
Міністэрства адукацыі і навукі паведамляе, што не плануе ніякіх зменаў у графіку зімовых канікулаў.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.фота: Яраслаў Іванюк/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Сёння вучні ўсіх пачатковых і сярэдніх школаў у Польшчы вярнуліся на аўдыторныя заняткі. З 20 снежня ў краіне было ўведзенае дыстанцыйнае навучанне з мэтай стрымання распаўсюджвання каранавіруса.

Міністр адукацыі і навукі Пшэмыслаў Чарнэк (Przemysław Czarnek) заклікаў у TVP Info да захавання санітарных нормаў у школах:

- Нагадваю, што вучні вяртаюцца на аўдыторныя заняткі ў школы ў пандэмічным часе, таму развіццё сітуацыі залежыць у значнай ступені ад нашых паводзінаў. Мы павінны абавязкова прытрымлівацца ўсіх дзейных санітарных абмежаванняў. Бацькі таксама павінны пільна назіраць за сваімі дзецьмі. Калі ў іх з’явяцца сімптомы інфекцыі, то варта пакінуць іх дома і накіравацца да лекара.

Міністр таксама паведаміў, што ніякія змены ў графіку зімовых канікулаў не плануюцца. Двухтыднёвыя зімовыя канікулы пройдуць у чатыры тэрміны. Найраней, то бок 15 студзеня іх пачнуць вучні з Куяўска-Паморскага, Любускага, Малапольскага, Свентакшыскага і Вялікапольскага ваяводстваў. 22 студзеня пачнуцца зімовыя канікулы ў Падляшскім і Вармінска-Мазурскім ваяводствах. 29 студзеня на зімовыя канікулы адправяцца вучні з Ніжнесілензскага, Мазавецкага, Апольскага і Заходнепаморскага ваяводстваў, а 12 лютага – з Люблінскага, Лодзінскага, Падкарпацкага, Паморскага і Сілезскага ваяводстваў.

IAR/ аз

Мінадукацыі не плануе змены тэрміну зімовых канікулаў

04.01.2022 10:29
Першы тур зімовых канікулаў для дзяцей, між іншым, з Куяўска-Паморскага, Малапольскага, Вялікапольскага ваяводстваў пачнецца 17 студзеня.