Беларуская Служба

Мільярды злотых з Нацыянальнага плану аднаўлення Польшча прызначыла на ахову здароўя

15.04.2026 12:13
Праекты НПА ў сферы аховы здароўя павінны быць завершаны да чэрвеня.
    -.
Міністр аховы здароўя Яланта Сабераньска-Грэнда.PAP/Albert Zawada

Новае абсталяванне, мадэрнізацыя бальніц, лічбавізацыя і інвестыцыі ў медыцынскі персанал з'яўляюцца часткай Нацыянальнага плана аднаўлення коштам 18 мільярдаў злотых.

У Варшаўскім медыцынскім універсітэце міністр аховы здароўя падсумавала рэалізацыю больш за 1200 праектаў у некалькіх сотнях бальніц, медыцынскіх устаноў і ўніверсітэтаў. Яланта Сабераньска-Грэнда (Jolanta Sobierańska-Grenda) падкрэсліла, што інвестыцыі знаходзяцца на завяршальнай стадыі. Яны палепшаць якасць і даступнасць лячэння для пацыентаў.

— Гаворка ідзе пра сродкі на мадэрнізацыю бальніц, на інвестыцыі, на лічбавізацыю бальніц. Гэта несумненна паўплывае на скарачэнне часу, які патрэбны на пастаноўку дыягназу захворвання. Акрамя таго, палепшацца ўмовы працы медыцынскага персаналу, што таксама акажа пазітыўны ўплыў на даступнасць паслуг для пацыентаў.

Намесніца міністра аховы здароўя Катажына Кацперчык (Katarzyna Kacperczyk) дадала, што рэалізацыя больш за 1200 праектаў у рамках Нацыянальнага плана аднаўлення з'яўляецца гістарычным момантам для сістэмы аховы здароўя Польшчы.

— Гістарычныя сродкі на кардыялогію — звыш 2,5 мільярдаў злотых, на анкалогію — 5,2 млрд злотых, на лічбавізацыю — больш за 4 млрд. Акрамя таго, вялізныя капіталаўкладанні ў медыцынскія кадры — звыш 3 мільярдаў злотых. Гэта сістэма стыпендый, менторынг, а таксама паляпшэнне інфраструктуры.

Праекты НПА ў сферы аховы здароўя павінны быць завершаны да чэрвеня.

IAR/нг