Беларуская Служба

Польшча дапаможа ЕС і НАТА ў эвакуацыі супрацоўнікаў з Афганістана

17.08.2021 18:32
У нас папрасілі дапамогі НАТА, ЕС і Міжнародны алімпійскі камітэт, заявіў прэм’ер Матэвуш Маравецкі.
-  .
Прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі.PAP/Leszek Szymański

Прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі паведаміў, што ў Польшчу былі накіраваныя запыты аб дапамозе ў эвакуацыі з Афганістана людзей, звязаных з Еўрасаюзам, НАТА і Міжнародным алімпійскім камітэтам.

Пасля паседжання Савета міністраў кіраўнік польскага ўрада разам з міністрам замежных спраў, нацыянальнай абароны і ўнутраных спраў Польшчы абмеркавалі працяг акцыі, звязанай з эвакуацыяй людзей, якія супрацоўнічалі з польскай ваеннай місіяй, з польскай кантынгентам у Афганістане.

Падчас прэс-канферэнцыі Матэвуш Маравецкі заявіў, што ідзе эвакуацыя палякаў і афганцаў, якія супрацоўнічалі з польскім вайсковым кантынгентам:

- У нас папрасілі дапамогі ў эвакуацыі асобаў, якія супрацоўнічалі з НАТА і ЕС. Учора з Міжнароднага алімпійскага камітэта мы атрымалі просьбу аб эвакуацыі чатырох чалавек. Цягам бліжэйшых дзён мы атрымаем спіс асобаў (каля 100 чалавек), у эвакуацыі якіх будзем дапамагаць.

Польскія вайсковыя самалёты, накіраваныя ў Афганістан, павінны перавезці эвакуяваных людзей ва Узбекістан. У аэрапорце Кабула працягваецца міжнародная эвакуацыя. Самалёты па сваіх грамадзян і афганскіх супрацоўнікаў у Афганістан адправілі, між іншым, ЗША, Германія і Польшча.

Аэрапорт у афганскай сталіцы – адзінае месца ў краіне, якое кантралююць не талібы, а амерыканскія войскі.

IAR/аз