Падчас відэаканферэнцыі прэм'ер-міністры Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі абмеркавалі сітуацыю на межы. Размова адбылася па ініцыятыве польскага прэмʼер-міністра Матэвуша Маравецкага.
«Мы расцэньваем цяперашнія дзеянні рэжыму Лукашэнкі як элемент гібрыднай вайны і спробу дэстабілізаваць сітуацыю ў рэгіёне. Гэта дзеянні, накіраваныя на Еўрапейскі саюз у якасці помсты за санкцыі, уведзеныя супраць Лукашэнкі», – напісаў кіраўнік ураду Польшчы на Facebook.
Польскі прэмʼер дадаў, што цяпер назіраецца велізарная інтэнсіфікацыя дызінфармацыйных акцый са спробамі ўвесці грамадства ў зман. Ён падкрэсліў, што гэта таксама элемент плана Лукашэнкі ды эфект намаганняў службаў яго рэжыму. «Насуперак ілжывай інфармацыі – таксама распаўсюджанай у польскіх СМІ – трэба падкрэсліць, што мігранты, якіх прывезлі беларускія службы, па-ранейшаму знаходзяцца ў Беларусі», – зазначыў Матэвуш Маравецкі.
Польскія ўлады нагадваюць, што мігранты, якія ідуць з беларускага боку – пераважна з Ірака ці Сірыі – легальна апынуліся на тэрыторыі Беларусі. Таму, згодна з міжнародным правам, Беларусь нясе адказнасць за іх.
Польскі прэмʼер, што Польшча, Літва, Латвія і Эстонія не дапусцяць ніякай нелегальнай іміграцыі і будуць бараніць свае межы ад незаконных дзеянняў рэжыму Лукашэнкі.
Войска Польскае разам з памежнай аховай бярэ ўдзел ва ўзмацненні аховы польска-беларускай мяжы. Да гэтага часу ў памежнай паласе пакладзена больш за 100 кіламетраў калючага дроту, а ў бліжэйшы час будзе пакладзена яшчэ 50 кіламетраў. Гэта для абароны ад імігрантаў, якія спрабуюць незаконна перасекчы польскую мяжу з Беларуссю.
Прэс-сакратар Памежнай аховы, падпаручнік Ганна Міхальска пацвердзіла, што ёсць шмат прыкмет таго, што беларускія службы ўмешваюцца ў спробы мігрантаў фарсіраваць польска-беларускую мяжу. Толькі за апошні дзень памежная служба выкрыла амаль сотню спроб незаконнага перасячэння мяжы з Беларуссю. З пачатку жніўня іх было каля 2300.
юл