Беларуская Служба

МЗС Даніі пачало выкарыстоўваць назву Belarus замест Hviderusland

19.03.2021 17:35
Рашэнне прынятае ў знак павагі да беларускага народу і яго мірнага пратэсту.
Сцяг Данііtorben7400 /pixabay.com/CC0 Public Domain

МЗС Даніі пачало выкарыстоўваць назву Belarus замест Hviderusland. Міністэрства замежных спраў Даніі з 18 сакавіка перастала выкарыстоўваць назву Hviderusland («Белая Расія») ў афіцыйнай практыцы, паведамляе Радыё «Свабода».

Яно прыняло такое рашэнне ў знак павагі да беларускага народу і яго мірнага пратэсту, сказаў міністр замежных спраў Епэ Кофад.

Прадстаўніца асацыяцыі «Сябры Беларусі ў Даніі» Анастасія Расмусэн выказала спадзяванне, што з часам назву Belarus датчане пачнуць выкарыстоўваць і ў неафіцыйным ужытку.

У той жа дзень, 18 сакавіка, Данія аб'явіла пра стварэнне фонду для падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі, Украіне, Грузіі, Малдове, Арменіі і Азербайджане. У ім 50 мільёнаў крон – гэта каля 8 мільёнаў долараў у пераліку.

вс