Беларуская Служба

Літва за год выдала беларусам каля 20 тысяч нацыянальных віз

20.08.2021 11:40
Пра гэта Святлане Ціханоўскай расказалі на сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў Літвы.
Сцяг ЛітвыPhoto:jorono/pixabay.com/CC0 Public Domain

Літва за год выдала беларусам каля 20 тысяч нацыянальных віз. 834 беларусы атрымалі спецыяльны дазвол ад міністра ўехаць у Літву праз экстраардынарныя гуманітарныя ўмовы. 206 беларусаў падалі запыт на прытулак у Літве. Пра гэта Святлане Ціханоўскай расказалі на сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў Літвы, паведамляе «Свабода».

Святлана Ціханоўская падзякавала міністру ўнутраных спраў Літвы Агнэ Білатайце за гуманітарны калідор і выдачу спецыяльных віз беларусам.

Ціханоўская і Білатайце таксама абмеркавалі сітуацыю з мігрантамі на мяжы. Ціханоўская падкрэсліла, што корань праблемы – рэжым, які помсціць Літве за падтрымку дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі.

«Былы прэзідэнт спрабуе ператварыць Беларусь у краіну-ізгой, якая пагражае ўсяму рэгіёну. Гэта трэба спыніць», – заявіла Ціханоўская.

Напярэдадні літоўскія памежнікі развярнулі назад у Беларусь 30 мігрантаў. З пачатку году на літоўска-беларускай мяжы затрымалі 4 137 нерэгулярных. Літва будуе ўздоўж мяжы агароджу з калючага дроту.

аз