Беларуская Служба

Германія гатовая ўдзельнічаць у патэнцыйнай місіі па забеспячэнні бяспекі Армузскай пратокі

16.04.2026 17:07
Фрыдрых Мерц прадставіць гэтае пасланне ў пятніцу на канферэнцыі, прысвечанай шматбаковай місіі ў Армузскай пратоцы.
Фрыдрых МерцPAP/EPA/CHRISTOPHER NEUNDORF

Канцлер Фрыдрых Мерц абвесціць у пятніцу ў Парыжы, што Германія гатовая ўдзельнічаць у патэнцыйнай місіі па забеспячэнні бяспекі Армузскай пратокі, выкарыстоўваючы свае магчымасці па размініраванні і марской разведцы, паведаміла ў чацвер газета «Sueddeutsche Zeitung».

Паводле інфармацыі выдання, Мерц прадставіць гэтае пасланне ў пятніцу на канферэнцыі, прысвечанай шматбаковай місіі ў Армузскай пратоцы.

Бундэсвер можа ўнесці свой уклад у першую чаргу праз свае магчымасці па размініраванні. Германія мае 10 спецыялізаваных падраздзяленняў па супрацьдзеянні мінам. Для марской разведкі Бундэсвер будзе выкарыстоўваць сваю лагістычную базу ў Джыбуці, якая функцыянуе з 2002 года.

У рамках пашырэння ўдзелу Берлін таксама разглядае магчымасць палегчыць нагрузку на сваіх партнёраў па НАТА ў Паўночнай Атлантыцы, паведамляе «SZ».

Умовамі ўдзелу Германіі ў місіі ў Армузскай пратоцы з'яўляюцца дзеючае спыненне агню, міжнародны характар місіі і мандат Арганізацыі Абʼяднаных Нацый. Акрамя таго, патрабуецца згода Бундэстага.

Мерц адправіцца ў Парыж у чацвер вечарам. Па запрашэнні прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона і прэмʼер-міністра Вялікабрытаніі Кіра Стармера ў канферэнцыі прыме ўдзел, сярод іншых, прэмʼер-міністр Італіі Джорджыя Мелоні.

Пасля нападу ЗША і Ізраілю на Іран 28 лютага Тэгеран заблакаваў рух праз Армузскую пратоку, па якой перавозілася прыкладна пятая частка сусветнага абʼёму сырой нафты і звадкаванага прыроднага газу. Мірныя перамовы паміж ЗША і Іранам у Ісламабадзе, якія завяршыліся ў нядзелю, аказаліся неэфектыўнымі.

У панядзелак Злучаныя Штаты пачалі блакаваць праход суднаў, якія карыстаюцца іранскімі партамі, праз Армузскую пратоку. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп сцвярджае, што блакада мае на мэце заахвоціць Іран зноў адкрыць пратоку, ключавы маршрут для экспарту нафты і прыроднага газу з краін Персідскага заліва.

РАР/ав