Беларуская Служба

Расія траціць 100 млн долараў у дзень з-за ўдараў па нафтавай інфраструктуры

18.04.2026 19:02
Украінскія ўдары вядуць да шматмільярдных страт нафтавых даходаў, якія зʼяўляюцца ключавой крыніцай фінансавання расійскага бюджэту і ваенных дзеянняў.
Туапсінскі НПЗкрыніца: скрыншот/youtube.com/

Украінскія ўдары па расійскай нафтавай інфраструктуры наносяць Расіі штодзённы ўрон у памеры 100 млн долараў. Гэтыя аперацыі парушаюць перавалку нафты ў партах, ускладняюць лагістыку паставак і вымушаюць перанакіроўваць транспарціроўку сыравіны, — паведамілі ў суботу Сілы беспілотных сістэм (СБС) Украіны. Пра гэта піша Польскае агенцтва друку PAP.

— Як адзначыў камандуючы Сіламі беспілотных сістэм (СБС) маёр Роберт Мадзьяр Броўдзі, у выніку серыі ўдараў па аб'ектах нафтавай лагістыкі на маршруце Прыморск-Усць-Луга-Шэсхарыс-Туапсэ сумарны сутачны абʼём прапампоўваемай нафты скараціўся прыблізна на 80 тыс. Паводле дадзеных з адкрытых крыніц, пры цяперашнім рынкавым кошце нафты маркі Urals гэта азначае каля 100 млн долараў страт у суткі, — гаворыцца ў паведамленні СБС.

Канстатуецца, што ўдары прывялі ў Расіі да нестабільнасці пры перавалцы нафты ў ключавых партах, парушылі лагістычныя маршруты паставак і вымусілі перанакіроўваць грузапатокі з перагружаных трас.

У прыватнасці, пасля знішчэння інфраструктуры тэрмінала Шэсхарыс у раёне Новарасійска Расія паспрабавала перанакіраваць патокі ў Туапсэ. Гэта было ўлічана пры планаванні ўкраінскіх аперацый — 16 красавіка быў нанесены ўдар па нафтаперапрацоўчым заводзе ў Туапсэ, у выніку чаго там успыхнуў маштабны пажар, які працягваецца да гэтага часу.

У суботу раніцай украінскія беспілотнікі атакавалі нафтаперапрацоўчы завод у Новакуйбышаўску Самарскай вобласці ў еўрапейскай частцы Расіі. На тэрыторыі прадпрыемства ўзнік пажар, паведаміў партал «Украінская праўда» са спасылкай на сведкаў падзеі ў сацыяльных сетках.

Акрамя таго, у ноч з пятніцы на суботу ўкраінскія беспілотнікі атакавалі завод у Ціхарэцку Краснадарскага краю (там таксама размешчаныя абʼекты, якія адказваюць за транспарціроўку нафты да тэрміналаў на чарнаморскім узбярэжжы) і нафтабазу ў Севастопалі, дзе таксама ўспыхнуў пажар.

Украінскія ўдары па расійскіх нафтавых партах абмяжоўваюць экспарт сыравіны, выклікаюць прастоі ў працы тэрміналаў і танкераў ды вядуць да шматмільярдных страт нафтавых даходаў, якія зʼяўляюцца ключавой крыніцай фінансавання расійскага бюджэту і ваенных дзеянняў.

вс