Тэгеран не пагадзіўся на працяг мірных перамоваў з Вашынгтонам. Праўда, прэзідэнт Дональд Трамп заявіў, што пакуль не адновіць бамбардаванне Ірану і падоўжыў перамірʼе. Аднак ён абвясціў аб працягу блакады іранскіх партоў.
Белы дом адмяніў запланаваную паездку віцэ-прэзідэнта Дж. Д. Вэнса ў Ісламабад, паколькі іранская дэлегацыя не пацвердзіла свой удзел у перамовах. Тэгеран адмовіўся ад перамоваў з-за працяглай блакады іранскіх партоў караблямі ВМС ЗША. Раней Дональд Трамп адмовіўся ад зняцця блакады і пагражаў, што калі пагадненне не будзе дасягнутае, ён можа аднавіць бамбардаванне пасля заканчэння двухтыднёвага перамірʼя. У рэшце, прэзідэнт ЗША вырашыў не аднаўляць ваенную аперацыю. Трамп растлумачыў, што зрабіў гэта на просьбу ўрада Пакістана.
— Я загадаў нашым узброеным сілам працягваць блакаду і заставацца гатовымі і здольнымі да любых дзеянняў, і таму я падоўжу перамірʼе, пакуль яны не прадставяць свае прапановы і не завершаць перамовы, незалежна ад іх выніку, — заявіў Трамп.
Прэмʼер-міністр Пакістана Шэхбаз Шарыф падзякаваў прэзідэнту ЗША Дональду Трампу за падаўжэнне рэжыму спынення агню ў вайне з Іранам. Прэмʼер-міністр Пакістана ў сваёй заяве падкрэсліў, што гэта дазволіць прыкласці дыпламатычныя намаганні для спынення вайны.
— Дзякуючы даверу, аказанаму Пакістану, мы будзем працягваць нашыя намаганні па спыненні канфлікту, — напісаў прэмʼер-міністр Пакістана ў сацыяльных сетках.
Шэхбаз Шарыф спадзяецца, што абодва бакі будуць прытрымлівацца рэжыму спынення агню і змогуць дасягнуць усёабдымнага мірнага пагаднення падчас другога раўнда перамоваў, запланаваных у Ісламабадзе. Аднак пакуль невядома, калі адбудуцца гэтыя перамовы.
ПР/юл