У нядзелю талібы захапілі горад ды перанялі ўладу ў краіне. Новыя кіраўнікі кажуць, што будуць паважаць правы жанчын і грамадзянскія правы, але многія афганцы жывуць у страху.
Аўтамабілі і вулічныя прадаўцы вярнуліся на вуліцы Кабула. Афганцы, аднак, кажуць, што ў горадзе пануе страх. Людзі баяцца, што талібы ўвядуць драконаўскае права Шарыяту, як гэта было зроблена два дзесяцігоддзі таму, кажа праваабаронца Абдул Мукіт Арайнфар.
- Усе памятаюць злачынствы, якія ўчынілі талібы. На жаль, у людзей да гэтага часу перад вачыма тыя жахі. Мы ўсе хацелі б, каб наша жыццё заставалася ранейшым, нягледзячы на такі нечаканы паварот падзей.
Талібан гарантаваў, што жанчыны змогуць працаваць і вучыцца, і абвясціў амністыю для ўсіх, хто працаваў для папярэдніх уладаў або на замежныя войскі.
Некаторыя афганцы, аднак, лічаць, што гэта толькі часова, і калі замежнікі пакінуць краіну, вернецца жорсткае абыходжанне з людзьмі.
- Мы не верым у запэўніванні талібаў. Мы не верым таму, што яны публікуюць у сацыяльных сетках. Мы не верым усім тым, хто піша, што ўсё будзе добра.
У апошнія дні з вуліц Кабула знікла рэклама з жаночымі тварамі. Цяпер большасць мужчын носяць традыцыйную афганскую вопратку.
Апроч таго у гарадах на ўсходзе краіны прайшлі дэманстрацыі пратэсту супраць талібаў. У Джэлалабадзе загінулі, прынамсі, тры чалавекі ў абстрэлу дэманстрантаў баевікамі.
Хаос пануе на пад'язных шляхах да аэрапорта Кабула, бо талібы перашкаджаюць афганцам, якія хочуць эвакуіравацца, дабрацца да аэрапорта.
Талібы кіравалі Афганістанам з 1996 па 2001 год. У той час жанчынам не дазвалялася вучыцца ў школе і працаваць, а за самыя дробныя правапарушэнні прымяняліся жорсткія меры пакарання, напрыклад, публічныя расстрэлы.
ПР/юл