Алігарха Ігара Каламойскага падазраюць у прысваенні больш чым 200 мільёнаў еўра, паведамілі антыкарупцыйныя службы Украіны. Вядомы ўкраінскі бізнесмен ужо некалькі дзён знаходзіцца пад вартай. Пра падрабязнасці распавядае карэспандэнт Польскага радыё Павел Бушка:
- Пра падазрэнні Ігар Каламойскі даведаўся ад Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Украіны. Гаворка ідзе пра больш чым 9 мільярдаў грыўняў (гэта каля 230 мільёнаў еўра), якія належаць «Прыватбанку», уладальнікам якога быў Каламойскі. Паводле абвінавачвання, гэтыя грошы ён, з групай іншых асоб, забраў з банка ў 2015 годзе. У 2016 годзе «Прыватбанк» быў нацыяналізаваны ўладамі, бо крах гэтага найбуйнейшага ўкраінскага банка пагражаў фінансавым крызісам. Ігар Каламойскі знаходзіцца пад вартай з суботы. Яго затрыманне стала для многіх нечаканасцю, бо алігарх лічыўся моцным прыхільнікам цяперашняга прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, прынамсі, на пачатку яго палітычнай кар'еры.
IAR/аз