Беларускі апазіцыйны блогер Раман Пратасевіч плаціць вялікую цану за сваю ранейшую дзейнасць. Былы галоўны рэдактар канала Nexta цяпер мусіць стаць на баку Лукашэнкі, піша Вікторыя Бяляшын у сваім артыкуле на старонках выдання Gazeta Wyborcza.
Пратасевіч, які знаходзіцца пад хатнім арыштам, спачатку быў выкрадзены ўладамі з борта самалёта авіякампаніі Ryanair, пазней арыштаваны КДБ, а затым прымушаны супрацоўнічаць са следствам. Зараз Пратасевіча прымушаюць на кожным кроку апраўдваць дзеянні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Па інтэрнэце былы актывіст апазіцыі «пераконвае» беларусаў і сваіх калегаў, што далейшая барацьба і любы супраціў не толькі не маюць сэнсу, але нават з'яўляюцца незаконнымі.
Змест, афіцыйна публікаваных у сетках паведамленняў, паказвае, што Пратасевіч нібыта мае неабмежаваны доступ да сацыяльных сетак, жыве са сваёй партнёркай Сафіяй Сапегай у доме за горадам і «спрабуе выправіць памылкі, якія пашкодзілі яго радзіме».
Раман Пратасевіч і Сафія Сапега былі затрыманыя 23 траўня ў Мінску пасля таго, як беларускія ўлады прымусілі самалёт Ryanair, у якім яны ляцелі, змяніць маршрут і здзейсніць аварыйную пасадку ў беларускай сталіцы. Улады абвінавачваюць іх, між іншым, у «арганізацыі масавых беспарадкаў», «распальванні сацыяльнага разладу» і «публікацыі дадзеных функцыянераў праваахоўных органаў» – агулам тры крымінальныя справы. Як Рамана Пратасевіча, так і Сафію Сапегу прымусілі прызнаць сваю віну. Паводле беларускага заканадаўства, Пратасевічу пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Аднак да вынясення прысуду ўлады выкарыстоўваюць блогера і яго партнёрку ў сваіх мэтах. Першапачаткова яны давалі прапагандысцкія інтэрвʼю беларускім і расійскім СМІ. У нядаўнім інтэрвʼю ўрадавым СМІ Беларусі 23-гадовая Сафія Сапега заявіла, што за захопам самалёта стаяць не беларускія службы, а прадстаўнікі апазіцыі.
У сваю чаргу Раман Пратасевіч неаднаразова падкрэсліваў, што ў цяперашняй сітуацыі «больш бяспечна адчувае сябе ў арышце, чым на волі». Аднак гэтага рэжыму надалей мала. У аўторак былы галоўны рэдактар канала Nexta, паведаміў, што пачынае новы праект. Блог «Справа», які павінен публікаваць «надзейныя, збалансаваныя аналізы чалавека, які дзейнічаў на абодвух баках барыкад». У адной з першых публікацый блогер паведаміў, што вельмі верагодна, апазіцыянеры, якія сядзяць у турме, і якія прызнаюць сваю віну і выкажуць раскаянне, будуць вызваленыя да канца года.
Марыя Калеснікава, якая амаль год знаходзіцца ў следчым ізалятары, калі даведалася пра новы праект Пратасевіча папрасіла сваіх паплечнікаў, апублікаваць на сваім профілі ў Інстаграм каментар у выглядзе цытаты з Джорджа Оруэла: «Вайна – гэта мір. Свабода – гэта рабства. Няведанне – гэта сіла», паведамляе Gazeta Wyborcza.
аз