Беларуская Служба

Беларусы ў Польшчы адгукнуліся на гора ўкраінцаў

25.02.2022 16:36
Каб не толькі словамі, але і чынам падтрымаць украінцаў, беларускія ініцыятывы ў Польшчы імкліва заангажаваліся ў падрыхтоўку да прыняцця ўцекачоў з Украіны
Аўдыё
  • Беларусы ў Польшчы адгукнуліся на гора ўкраінцаў
Расійскія акупанты на подступах да Херсона Крыніца: PAP/EPA/STRINGER

Страх, разгубленасць, боль, нянавісць… Менавіта такія пачуцці зараз падзяляюць мільёны людзей ва Украіне. Украінцы самаахвярна працягваюць бараніць сваю зямлю, сваю будучыню. Падобныя пачуцці ахапілі і вялікую колькасць беларусаў, бо ўпершыню Беларусь стала памагатым агрэсара. З тэрыторыі Беларусі ракетамі абстрэльваюць Украіну, рускія верталёты атакуюць Гастомель, вылятаючы з Мазыр і на жаль гэты спіс занадта доўгі. І беларусы нясуць адказнасць за гэта.

Адзін з завадатараў Беларускага моладзевага Хаба Алесь Лапко падзяляе сорам і ганьбу беларусаў за тое, што іх краіна стала плацдармам для агрэсіі супраць Украіны. Каб не толькі словамі, але і чынам падтрымаць украінцаў у момант гістарычнага выпрабавання, беларускія ініцыятывы ў Польшчы імкліва заангажаваліся ў падрыхтоўку да прыняцця плыні ўцекачоў з Украіны. Так BY_help ды Беларускі Моладзевы Хаб стартавалі кампанію дапамогі ўцекачам з Украіны, кажа Алесь Лапко:

-Мы стварылі адмысловую форму, якая дапамагае злучыць, тых хто можа аказаць дапамогу і тых, каму патрэбная гэта дапамога. У нас у базе ўжо больш за 200 абвестак. Перадусім зараз мы намагаемся вырашыць праблемы з жытлом. Мы супрацоўнічае з розным польскімі і беларускімі ініцыятывамі па ўсёй Польшчы, намагаемся падзяляць кірункі дзейнасці.Напрыклад, на дадатак да стварэння базы жыхароў Польшчы, гатовых прыняць уцекачоў у свае дамы, саюз польскіх гатэльераў абвесціў аб гатовасці вылучыць месцы ў гатэлях-чальцах для тых, хто бяжыць ад расейскіх абстрэлаў. Таксама некаторыя польскія парафіі будуць ствараць спісы прыхажан, гатовых прыняць уцекачоў у свае дамы. (...)

Тым часам Цэнтр беларускай салідарнасці ў Варшаве стварыў старонку mapahelp.me – мапа экстранай дапамогі ад Цэнтру Беларускай Салідарнасці. Пра ініцыятыву распавядае Аліна Коўшык з ЦБС:

– Лекі, ежа, вада, вопратка, начлег, транспарт ці лекар. Кожны, хто хоча дапамагчы мірнаму насельніцтву ў час вайны можа змясціць сваю абвестку на мапе дапамогі. Так вашу абвестку ці паслугу лёгка знойдуць тыя, каму яна патрэбная. Каб дадаць кропку дапамогі, трэба запоўніць кароткую анкету Мапа ўжо працуе, цяпер трэба яе напоўніць і распаўсюдзіць. Падзяліцеся гэтай інфармацыяй. Тысячам людзей патрэбная дапамога як ва Украіне, так і за межамі. Салідарнасць – наша зброя! (...)

Ва ўмовах развязанай Расіяй і рэжымам Лукашэнкі вайны супраць Украіны, кожны павінен зрабіць усё магчымае, каб спыніць яе. Напрыклад, далучэнне да згаданых вышэй ініцыятыў чынам дакажа, што беларусы нязгодныя з вайной супраць Украіны.

Слухайце аўдыё! 

эж