«Мы, беларусы Польшчы, супраць нападу рэжыму Пуціна і рэжыму Лукашэнкі на свабодную ўкраінскую дзяржаву» – пад такімі словамі падпісаліся прадстаўнікі больш чым 30-ці беларускіх суполак у Польшчы.
Супраць вайны разам пратэстуюць арганізацыі як беларускай меншасці, так і дыяспары.
«Незалежна ад таго, ці нашыя продкі стагоддзямі жылі на Падляшшы і нашай радзімай з’яўляецца Польшча, ці мы тут нядаўна знайшлі свой другі дом, а часта і прытулак – сёння мы адчуваем сябе адзіным народам і разам гаворым «НЕ ВАЙНЕ!» – чытаем у звароце.
Падпісанты звяртаюць таксама ўвагу на тое, што »агрэсія супраць Украіны – гэта непрымальнае злачынства« і дадаюць, што »гэта таксама пагражае бяспецы ў Еўропе і ў свеце«.
Беларусы Польшчы таксама »катэгарычна супраць таго, каб дзеянні нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі былі названыя «беларускімі». Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, розных нацыянальнасцяў, зрабілі свой выбар у 2020 годзе – Лукашэнка страціў права прадстаўляць нашую дзяржаву. Таксама мы, беларусы – польскія грамадзяне, нязгодныя з такім вобразам нашай нацыі!«.
Заяву беларусаў Польшчы супраць вайны ва Украіне падпісаў між іншым старшыня Беларускага Гістарычнага Таварыства праф. Алег Латышонак.
слухайце аўдыё
Яраслаў Іванюк