Беларуская Служба

А. Рамашэўская: Абвінавачваць беларусаў у вайне – тое ж, што вінаваціць вязняў канцлагера

05.03.2022 19:21
Беларусы – вельмі міралюбівы народ, і для іх гэтая сітуацыя вельмі цяжкая. 
Agnieszka Romaszewska-Guzy
Agnieszka Romaszewska-GuzyForum/Adam Chelstowski

Выданне Polska. Times.pl друкуе вялікае інтэрв’ю з дырэктаркай тэлеканалу Белсат Агнешкай Рамашэўскай. Яна адзначае, што ў цяперашняй сітуацыі, калі Расія развязала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, Лукашэнка стаў васалам Пуціна, цалкам ад яго залежным. Ён зробіць усё, што яму загадаюць з Крамля. Беларусы – вельмі міралюбівы народ, і для іх гэтая сітуацыя вельмі цяжкая. Шмат залежыць ад таго, ці будзе аб’яўленая ўсеагульная мабілізацыя. Рашучы супраціў магчымы, калі беларускіх хлопцаў пачнуць кідаць у якасці гарматнага мяса ва Украіну.

Звычайныя беларусы не разумеюць, чаму Украіна стала варожай дзяржавай, хаця мазгі ў многіх прамытыя прапагандай, якая шмат гадоў унушае, што рускіх забіваюць на Данбасе. Беларусам, якія былі прымушаныя ўцячы за мяжу ад рэпрэсіяў, цяпер вельмі складана. Іх народ успрымаецца як агрэсар, украінцы маюць да іх прэтэнзіі. Гэта так, як папракаць вязняў канцлагера за тое, што робяць камендант і наглядчыкі. Украінцы слаба ведаюць сітуацыю ў Беларусі, у іх шмат уласных праблем, а некаторым Лукашэнка нават падабаўся – навёў парадак у краіне, а ў іх такі бардак.

На думку Рамашэўскай, Лукашыстан уступіў у вайну супраць Украіны ў адным шэрагу з Расіяй. Таму ўсе санкцыі, якія Захад увёў супраць расійскага рэжыму, павінны таксама закрануць рэжым Лукашэнкі. Шырокамаштабных пратэстаў у Беларусі цяпер не будзе, паколькі сілы людзей унутры краіны ўжо вычарпаныя, незалежнай інфармацыі няма. У адрозненні ад Расіі, дзе засталіся яшчэ рэшткі свабодных СМІ (на дадзены момант супраць іх ідуць рэпрэсіі).

нг