У Любліне закончыўся трохдзённы Кангрэс транспамежнага супрацоўніцтва. Мерапрыемства стала месцам сустрэчы экспертаў па пытаннях міжнароднай супрацы з краін Еўрасаюза і Усходняга партнёрства ды пляцоўкай для дыялогу прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, актывістаў няўрадавых арганізацый, людзей навукі, культуры і бізнесу.
Кангрэс транспамежнага супрацоўнцітва стаў ужо традыцыйнай штогадовай падзеяй у Любліне. Першая сустрэча адбылася ў 2011 годзе, а за 12 гадоў у кангрэсух прымалі ўдзел тысячы чалавек з больш чым 40 краін. Кангрэс быў месцам унікальных падзей, напрыклад, на ім адбылося ўручэнне Любліну Ганаровага сімвала Рады Еўропы ў 2013 годзе, у 2014 годзе на ім была падпісана Дэкларацыя аб тэрытарыяльнай супрацы паміж Люблінам і 10 гарадамі Украіны, Беларусі і Грузіі. У 2018 годзе была падпісана дэкларацыя аб супрацы паміж навукова-тэхналагічным паркам ва ўкраінскім Дняпры ды сталіцай Беларусі Мінскам. На жаль, пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і ўнікальных па маштабу рэпрэсій супраць беларускага народа з боку рэжыму Лукашэнкі, Беларусь страціла магчымасць прысутнічаць на кангрэсе.
У 2023 годзе Люблін з'яўляецца Еўрапейскай моладзевай сталіцай, таму лозунг 12-га Кангрэсу – Горад моладзі. Міжнародныя ўдзельнікі і эксперты з такіх краін, як Бельгія, Харватыя, Чэхія, Грузія, Малдова, Нарвегія, Украіна і Вялікабрытанія, абмяркоўвалі, якім чынам ладзіць жыццё ў гарадах, каб у іх камфортна жылося моладзі, а таксама як мясцовыя супольнасці могуць падтрымліваць маладых людзей у рэалізацыі іх патрэб і памкненняў.
Дырэктар Цэнтру міжнароднага супрацоўніцтва Медычнага ўніверсітэту ў Любліне Кшыштаф Станоўскі (Krzysztof Stanowski) сказаў журналісту Польскага тэлебачання, што задача гарадскіх уладаў – ствараць такія ўмовы для жыхароў, у тым ліку маладых, каб ім не хацелася з гэтага горада выязджаць.
- Сёлета мы дыскутуем пра моладзь, пра горад моладзі. Сустрэліся агулам прадстаўнікі пятнаццаці краін. Сярод шматлікіх панэльных дыскусій была гутарка пра пакаленні Х, Y, Z на рынку працы, у тым ліку з удзелам працадаўцаў. Мы распрацавалі рэкамендацыі для гарадоў, якія хацелі б быць добрым месцам для жыцця маладых людзей. Гэта такія гарады, адкуль не хочацца выязджаць. На прыклад, Люблін – маладыя ведаюць, што тут можна атрымаць вышэйшую адукацыю, а таксама тут можна знайсці працу.
Моладзь – гэта сучаснае, а не будучае кожнай дзяржавы, таму неабходна ўключаць маладых людзей ва ўсе працэсы жыццядзейнасці кожнага горада, мяркуе адна з удзельніц кангрэсу, госць з Украіны Хрысціна Бялінская, начальнік Упраўлення сям’і, маладзёвай палітыкі і аховы дзяцей Цярнопальскай гарадской рады.
- Важны ўдзел моладзі ва ўсіх працэсах. Моладзь – гэта не будучае, а цяперашняе. І таму трэба далучаць моладзь да ўдзелу ва ўсіх працэсах. Палітыкі павінны пытацца ў маладых, што яны хочуць, таму што моладзь ніколі сама не прыйдзе, калі яна не разумее, што ад яе патрабуюць. Трэба пытаць моладзь, што яна хоча, старацца ўносіць ідэі маладых у рэалізацыю. Так што важна пытаць, але і рэагаваць, калі мы пытаем, але не рэагуем, гэта моцна дэматывуе. І трэба дэлегаваць на маладых заданні, каб яны вучыліся.
Падчас кангрэсу яго ўдзельнікі шмат увагу прысвячалі праблемам, звязаным з вайной ва Украіне. У лютым будучага года будзе ўжо два гады з моманту поўнамаштабнага ўварвання Расіі. Неабходна браць пад увагу не толькі бягучыя патрэбы бежанцаў з Украіны, якія знаходзяцца ў Польшчы, дапамогу ўкраінскаму войску, так і доўгатэрміновыя наступствы вайны. У гэтым кантэксце разглядалася пытанне міграцыі моладзі і яе ролю ў міжкультурнай інтэграцыі. Паводле прынятых пасля пачатку вайны адмысловых законаў, украінцы маюць у Польшчы шырокія правы, але гэтыя прывілеі падоўжаны пакуль што да сакавіка 2024 года. Невядома, ці дадзенае права будзе працягнутае, ці не. Гэта, канешне, можа ўплываць на рашэнні ўкраінцаў, ці застацца ў Польшчы, ці рухацца далей, – адзначае эксперт па пытаннях міграцыйнай палітыкі, прафесар Варшаўскага ўніверсітэту Мацей Душчык (Maciej Duszczyk).
- Канешне, гэта праблема, паколькі гаворка ідзе пра адсутнасць упэўненасці ў заўтрашнім дні. Праўда, Еўрапейскі Саюз падоўжыў дадзенае права да 2025 года, таму Польшча, будучы членам ЕС, таксама павінна падоўжыць дырэктыву аб правах ваенных уцекачоў. Аднак пакуль што невядома, у якой форме гэта будзе падоўжана. Няма сумненняў, што ўкраінцы не страцяць права прабывання ў Польшчы, але якія правы яны атрымаюць, пакуль невядома. Верагодней за ўсё, рашэнне будзе прынята пасля выбараў. У нас працягваецца перадвыбарчая кампанія, таму палітыкі стрымліваюцца ад некаторых рашэнняў. Пасля 15 кастрычніка будзе вядома больш, бо сапраўды, ёсць элемент дэстабілізацыі.
Кангрэс пачаўся неўзабаве пасля нечаканых падзей у Ізраілі, куды ў мінулыя выходныя ўварваліся тэрарыстычныя групы, забіваючы не толькі вайскоўцаў, але і мірных жыхароў – жанчын, старыкоў, дзяцей. Таму немагчыма было не закрануць гэтай тэмы падчас дыскусій. Журналістка Польскага радыё для Украіны Марыяна Крыль прысутнічала на адной з такіх сустрэч.
- Вельмі эмацыйнай была сустрэча з Канстанцінам Гебертам (Konstanty Gebert) – публіцыстам, псіхолагамі, гісторыкам, які займаецца Ізраілем. У першы дзень кангрэсу павінна была быць толькі прэзентацыя яго кнігі «Pokój z widokiem na wojnę» (Пакой або мір з відам на вайну – рэд.), але ён больш за гадзіну расказваў агулам пра Ізраіль. Разважалі пра канфлікт паміж Палестынай і Ізраілем, пра тое, што мы бачым усё новыя і новыя пагрозы. І, зразумела, украінская тэма была моцна прысутная. Удзельнікі кангрэсу казалі, што хочуць перадаваць досвед украінскім калегам, каб рэфармаваць украінскую сістэму. Вайна прытармазіла працэс рэформаў, але яны магчымыя.
Як і кожны год, Кангрэс транспамежнага супрацоўніцтва суправаджаўся разнастайнай культурнай праграмай.
мк/нг