Няправільны парадак атрымання польскіх віз стварае пагрозу як для ўладальнікаў Карты паляка, так і для актывістаў Саюза палякаў у Беларусі, які пераследуецца рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе Rzeczpospolita.
Пасля фальсіфікацыі выбараў 2020 года і падаўлення пратэстаў, рэпрэсіі ўладаў у Мінску закранулі не толькі апанентаў беларускага рэжыму, але і непрызнаваны ўладамі Саюз палякаў у Беларусі. Пачаўся пераслед уладальнікаў Карты паляка – беларускія ўлады прымушаюць іх адмовіцца ад гэтага дакументу і пагражаючы рэпрэсіямі. Адкуль рэжым даведваецца пра ўладальнікаў Карты паляка і членаў СПБ?
«Палякі ў Беларусі працягваюць афармляць польскія візы праз візавыя цэнтры. Яны перасылаюць заяўкі супрацоўнікам, якія там працуюць, грамадзянам Беларусі. Зараз яны асцерагаюцца, што іх дадзеныя могуць апынуцца ў руках уладаў. Гэта небяспечна ў краіне татальнага сачэння і стварае вялікую небяспеку для нас. Асабліва з улікам таго, што ўлады прымушаюць нас паведамляць у МУС аб наяўнасці «Карты паляка» і мы пакуль не ведаем, якія на нас будуць санкцыі», – кажа ў размове з газетай адзін з актывістаў СПБ.
Хоць польскія дзеячы «адваявалі» асобны шлях для падачы заявак на візу для членаў СПБ, але ён па-ранейшаму не абмінае візавых цэнтраў, якія дзейнічаюць, у тым ліку ў Мінску, Гродне, Пінску, Гомелі, Баранавічах, Брэсце, Магілёве і Лідзе.
Між тым, прадстаўнікі польскай меншасці паведамлялі пра выпадкі, калі супрацоўнікі аднаго з цэнтраў прасілі даслаць ім спіс членаў СПБ на фірменным бланку за подпісам старшыні аддзялення.
«Альбо яны гэта робяць несвядома, альбо гэта свядомая правакацыя», – кажа адзін з суразмоўцаў газеты і нагадвае, што, паводле беларускага заканадаўства, актывістам «незарэгістраванай арганізацыі» пагражае да двух гадоў калоніі.
Паводле газеты, польскае МЗС не бачыць праблемы ў тым, што ўладальнікі Карты паляка і актывісты СПБ звяртаюцца па візу праз «знешнюю» фірму. Паводле чыноўнікаў, заяўнікі не мусяць паведамляць пра тое, што яны з’яўляюцца ўладальнікамі Карты паляка.
«Гэта няпраўда, неабходна пазначыць у заяве факт наяўнасці Карты паляка, калі чалавек звяртаецца па гадавую нацыянальную візу. Больш за тое, да заявы, якая падаецца ў візавы цэнтр, таксама трэба далучыць ксеракопію «карты». Я не сумняваюся, што гэтыя дадзеныя потым могуць быць накіраваныя «куды трэба»», – кажа ў размове з газетай Rzeczpospolita адзін з польскіх актывістаў у Беларусі.
аз