Беларуская Служба

Беларусы могуць стаць праблемай для Літвы?

20.10.2023 15:36
Літоўскія эліты раптам убачылі праблему ў беларусах, што прыехалі ў краіну, ратуючыся ад палітычнага пераследу. 
Аўдыё
  • Беларуская праблема для Літвы
Ілюстрацыйнае фотаScreenshot z Youtube

За апошнія тры гады дзясяткі тысяч беларусаў знайшлі прытулак у Літве, ратуючыся ад рэпрэсій і тэрору лукашэнкаўскага рэжыму. Разам з тым сёлета літоўскія паліты спрабавалі ўвесці папраўкі ў заканадаўства, прапануючы абмежавальныя меры ў дачыненні да грамадзян Беларусі. Некаторыя беларускія грамадскія актывісты кажуць, што літоўскія эліты раптам убачылі ў беларусах праблему. Беларускія дэмакратычныя палітыкі ды праваабаронцы кажуць, што гэта не дамінуючая пазіцыя. Падтрымка для беларускіх уцекачоў з боку літоўскай дзяржавы застаецца.

На пачатку красавіка Сейм Літвы спрабаваў прыняць закон аб увядзенні абмежавальных мераў у дачыненні да ваеннай агрэсіі супраць Украіны. У першапачатковай рэдакцыі  дакумента прадугледжваліся вельмі жорсткія абмежаванні для беларусаў, сярод якіх прыпыненне выдачы літоўскі віз, адмова выдачы відаў на жыхарства ды інш.. Пасля кампаніі, якую пачаў Пераходны кабінет беларускіх дэмакратычных сіл, абмежаванні былі залагоджаныя. Дарадца Святланы Ціханоўскай Анатоль Лябедзька пазітыўна вітаў тое рашэнне.

- Вета прэзідэнта Літвы было пераадоленае. Хачу падзякаваць усім дэпутатам. Галоўны вынік, што Сейм не глядзіць на Беларусь як на нешта адно. Ён бачыць рэжым і асобна – грамадзяне, 9 мільёнаў беларусаў. Гэта вельмі важна. Беларусаў не кідаюць у адзін кошык з расіянамі, якія ў большасці падтрымліваюць Пуціна. Цяпер беларусы змогуць працягваць знаходзіцца ў Літве як у камфортнай для сябе краіне.

Прайшло 6 месяцаў і некаторыя грамадскія актывісты, якія дапамагаюць беларусам легалізавацца ў Літве, заўважылі змену ў стаўленні да беларусаў на ўзроўні практыкі, кажа прадстаўніца арганізацыі «Наш дом» Вольга Карач.

 - Раней статыстыка была больш пазітыўнай. У 2020-21 гг.. амаль не было адмоў на звароты па палітычны прытулак з боку беларусаў. Было каля 98% пазітыўных рашэнняў. Цяпер жа адмоў каля 50% - кардынальная змена сітуацыі. Больш за тое, бачна, што кардынальна пачало змяняцца і стаўленне літоўцаў да беларусаў.  Увесь гэты год аб’яўлена кампанія, якая прывяла да таго, што ўлады пачалі рабіць некамфортным жыццё беларусаў у Літве. Гэта бачна на самых розных узроўнях. У красавіку быў новы закон, у якім спрабавалі дыскрымінаваць беларусаў. На шчасце не ўдалося. Аднак літоўскія палітыкі працягваюць казаць, што беларусы адказныя за агрэсію Лукашэнкі ды Пуціна на Украіну з тэрыторыі Беларусі. У публічнай сферы гучыць, што беларусы роўныя Лукашэнка, што вельмі балюча для тых, хто змагаўся ды быў вымушаны збегчы.           

Змена падыходу звязана з колькасцю ўцекачоў, перакананая суразмоўца.

- Раней такога не было. Я думаю, што гэта звязана з колькасцю ўцекачоў. У Літве цяпер 92 тысячы украінцаў. Але яны вельмі мабільная нацыя, ездзяць то ў Польшчу, то ў Нямеччыну. Да таго ж ім ёсць куды вяртацца, яны ў Літве не застаюцца. Беларусам жа няма куды бегчы, яны сюды прыехалі ды спрабуюць легалізавацца. Цяпер нас тут каля 60 тысяч. Гэтая колькасць павялічваецца. Беларусы – першыя па дынаміцы росту ўцекачоў у Літву. Гэтая лічба вызывае напружанне сярод літоўскіх палітычных эліт.

Пры гэтым звычайныя літоўцы не дэманструюць ніякай ксенафобіі.

- Мы не сутыкаемся з гэтым на бытавым узроўні. Калі ж казаць пра палітычную эліту, тут можна ўбачыць нават паніку, таму яны імкнуцца выштурхнуць беларусаў з Літвы.    

Улады краіны ўжо прызналі каля 800 беларусаў пагрозай для нацыянальнай бяспекі Літвы.

- Сёлета мы сутыкнуліся з масавымі дамовамі ў часовых візах, недзе 1700 чалавек гэта закранула, па прычыне пагрозы нацыянальнай бяспекі Літвы. Найчасцей за ўсё гэта тычыцца былых вайсковых, міліцыянераў ці чыноўнікаў. Аднак няма ніводнага кейса ў Літве, каб беларус шкодзіў Літве. Ёсць выпадкі вярбоўкі беларусаў КДБ, каб шкодзіць беларускай дыяспары.  Апроч таго, пагроза нацыянальнай бяспецы вельмі маніпулятарная пазіцыя, бо літоўскае заканадаўства не тлумачыць, што гэта такое. Туды можна ўціснуць што заўгодна.

На пачатку жніўня літоўскія палітыкі выступілі з крытыкай таго, што нібыта беларусы хочуць забраць у літоўцаў спадчыну ВКЛ пад выглядам руху «ліцвінізму» сярод беларусаў. Пра гэта заявіў кіраўнік камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне літоўскага Сейма Лаўрынас Кашчунас ды сябра КНБА Раймундас Лопата. Гэта перабольшванне, зазначае Вольга Карач.

- Тут падобная сітуацыя, як з пагрозай бяспекі. Няма зразумелай фармулёўкі. Гэта ж тычыцца і ліцвінізму. Можна гэта разумець, як тое, што беларусы хочуць аджаць Вільню ў літоўца, і, што ВКЛ толькі беларускае. Можна гэта разумець, як пошук сумеснай спадчыны. У выніку ахвярай становяцца беларусы, якія проста цікавяцца беларускай гісторыяй, усім, што адбывалася на нашай тэрыторыі.  

Насцярожанасць у дачыненні да беларусаў уласцівая не ўсім літоўскім палітыкам ды дзяржаўным установам. Літоўскі бок працягвае дыялог з беларускімі дэмакратычнымі сіламі ды праваабаронцамі ў пытаннях легалізацыі для беларускіх уцекачоў. Ёсць прыклады плённай супрацы, зазначае Васіль Санковіч з Беларускага дому правоў чалавека ў Вільні.

- Калі ўзяць за прыклад пытання працягласці гуманітарнага ВНЖ – яго ўздымалі ўвесну. Мы сустракаемся з прадстаўнікамі выканаўчай улады, з чыноўнікамі. Цяпер мы бачым, што дадзенае пытанне цяпер вынесенае на разгляд парламента, адбудуцца слуханні. Ёсць спадзяванні, што тэрмін будзе працягнуты. Мы бачым, што вырашэння пэўных спраў займае час, але ёсць пэўны прагрэс. Дарэчы гуманітарны ВНЖ увялі ў 2021 годзе менавіта пад беларускую сітуацыю.

Працяглы палітычны крызіс у Беларусі змусіў тысячы чалавек з’ехаць у пошуках часовага прытулку за мяжой. Аднак гэтая сітуацыя цягнецца ўжо трэці год, што спараджае напружанасць у краінах, якія прымаюць беларусаў. Частка літоўскіх палітыкаў пачала казаць пра беларусаў, як пра пагрозу для бяспекі Літвы. Гэта перабольшаная пазіцыя. Беларусы не пагроза і не праблема, перакананыя беларускія грамадскія актывісты. Антылітоўскія выказванні — маргінальныя для беларускага грамадства, кажуць беларускія дэмакратычныя палітыкі, адзначаючы адсутнасць тэрытарыяльных прэтэнзій да сваіх суседзяў з боку беларусаў.

Юры Ліхтаровіч