Беларуская Служба

Беларускія студэнты стварылі «Ліхтар», каб асвятляць шлях да свядомасці…

20.10.2023 15:02
Аляксей з Мінску, скончыў беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. Зараз навучаецца на факультэце палітычных навук і журналістыкі ва ўніверсітэце імя Адама Міцкевіча ў Познані. 
Аўдыё
  • Беларускія студэнты стварылі «Ліхтар», каб асвятляць шлях да свядомасці…
Нацыянальны беларускі сцяг Альберт Ежы Вяжбіцкі/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

У Беларусі ён скончыў ліцэй імя Якуба Коласа. У Польшчы вучыцца ва ўніверсітэце. Імя Адама Міцкевіча. Разам з сябрамі стварыў «Ліхтар», каб прасоўваць беларускасць. І марыць адбудоўваць новую Беларусь.

Марыў займацца рэканструкцыяй замкаў і палацаў…

Аляксей з Мінску, скончыў беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. Зараз навучаецца на факультэце палітычных навук і журналістыкі ва ўніверсітэце імя Адама Міцкевіча ў Познані. Як сам згадвае, з дзяцінства думаў пра вучобу за мяжой, марыў паехаць у ЗША, але ўжо ў старэйшых класах захапіла цікаўнасць да беларускасці.

-У мяне бацькі былі заўсёды свядомыя людзі. І ў школе з настаўнікамі пашанцавала, шмат хто з іх выступалі за беларушчыну, за нашы нацыянальныя ідэі.

Падчас падзеяў 2020 году Аляксей яшчэ навучаўся ў ліцэі, але ўжо тады разумеў, што далей вучобу працягне за мяжой. У ліцэі ён марыў стаць гісторыкам, заняцца рэканструкцыяй замкаў і палацаў у Беларусі, але падзеі, якія адбываліся навокал паўплывалі інакш.

-Але я зразумеў, што для Беларусі зараз больш патрэбна трошкі іншае – патрэбны адмыслоўцы, якія будуць прасоўваць ідэі дэмакратычнай Беларусі. І гэта павінна рабіць новае пакаленне. Насамрэч, я заўсёды цікавіўся і палітыкай. Проста ў ва мне сядзела тое, што хацеў стаць гісторыкам.

Беларускіх студэнтаў аб’яднаў «Ліхтар»

Вучобай у Польшчы Аляксей задаволены, распавядае, што вучыцца цікава і менавіта нечага такога ён якраз і чакаў. Толькі на яго факультэце навучаецца больш трыццаці беларусаў. А таму, акрамя вучобы, каб прычыніцца да беларускай справы стварылі беларускую студэнцкую арганізацыю «Ліхтар».
Дарэчы, аб стварэнні арганізацыі яшчэ раней думалі студэнты старэйшых курсаў. Ідэя, па словах Аляксея, належыць Вадзіму і Аляксандры, а вось здзейсніць яе ўдалося ўжо разам з Аляксеем.

-«Ліхтар» – цяпер гэта беларуская студэнцкая арганізацыя мэта якой – прасоўванне беларускай культуры, беларускай гісторыі, беларускай палітыкі, дэмакратычных каштоўнасцяў, прэзентацыя беларусаў у акадэміцкай супольнасці, а таксама наагул у Польшчы.

Арганізацыя існуе ўсяго год. Паводле Аляксея, зараз у ёй налічваецца трохі больш за 30 сябраў толькі з іх факультэту. Пераважная большасць беларусы, але выказалі жаданне далучыцца і ўкраінцы, а таксама палякі. А «Ліхтар» – таму што асвятляе шлях да свядомасці.

Лявоніху разам з намі танцавалі і палякі і ўкраінцы

Дзейнасць пачалі з сустрэчы з беларускім дыпламатам і аналітыкам Паўлам Слюнкіным, які пасля падзеяў 2020 году перайшоў на бок дэмакратычных сілаў. Усім, паводле майго суразмоўцы, спатканне спадабалася.

А ўжо наступнае мерапрыемства было больш маштабным. Арганізавалі фестываль беларускай культуры.

-Падчас фестывалю мы арганізавалі выставу беларускіх сімвалаў. Гэта была вялікая выстава пра гісторыю Пагоні, бел-чырвона-белага, сцягу. Праводзілі віктарыны звязаныя з Беларуссю. Дарэчы, адну з іх выйграў паляк і атрымаў падарунак – беларускія шкарпэткі з бел-чырвона-белай сімволікай – сімвалам пратэсту 2020 году.

Паводле Аляксея, да правядзення фестывалю добра паставілася адміністрацыя ўніверсітэту, выдзелілі сродкі на правядзенне. А фестываль, у сваю чаргу прыцягнуў увагу студэнтаў і выкладчыкаў з розных факультэтаў.

-Людзі глядзелі, пыталіся. Акрамя гэтага быў канцэрт беларускай музыкі – нашы дзяўчаты спявалі. Запрасілі Пазнаньскі спеўны сход – таксама цудоўна гучала. Да нас прыехаў мясцовы беларускі рэпер – Дзяніс Мандзік. Потым мы ўсе разам танчылі «Лявоніху» – гэта быў сапраўдны фестываль. І далучаліся ўсе: палякі, украінцы. Наагул, панавала атмасфера яднання і радасці.

Са слоў хлопца, пасля гэтага фестывалю і стаўленне да беларусаў ва ўніверсітэце змянілася.

-На нас сталі глядзець з большай цікаўнасцю, выказваюць нам падтрымку і кажуць, што мы робім слушную справу і з задавальненнем удзельнічаюць у нашых мерапрыемствах.

Ужо ў кастрычніку «Ліхтар» праводзіць сустрэчу з беларускім палітолагам Арцёмам Шрайбманам. У планах сустрэча з беларускімі палітыкамі Анатолем Лябедзькам, Юрасём Губарэвічам, Яраславам Раманчуком. У планах запрасіць ва ўніверсітэт Купалаўскі тэатр. І гэта, паводле суразмоўцы, цалкам рэальна.

-І такім чынам мы хочам не толькі правесці цікавыя сустрэчы, а разрэкламаваць нашую арганізацыю, каб да яе далучаліся студэнты з іншых факультэтаў.

Як жывецца беларускім студэнтам?

Цікаўлюся ў Аляксея – ці застаецца час на вучобу, калі адбываецца такое бурнае грамадскае жыццё. Хлопец, усміхаючыся, адказвае, што вучоба ўсё ж застаецца прыярытэтам.

Мяне яшчэ цікавіць – як і на што жывуць беларускія студэнты ў Польшчы? Аляксей распавядае, што ёсць стыпендыі ад універсітэту, некаторыя атрымліваюць стыпендыю ад NAWA, польскай стыпендыяльнай акадэміцкай праграмы, ёсць стыпендыя Кастуся Каліноўскага.

-Але з гэтым у нас вялікія праблемы. Стыпендыя Кастуся Каліноўскага вельмі маленькая – мы атрымліваем у месяц 1250 злотых, а за самы танны інтэрнат трэба заплаціць 600 злотых. Калі казаць пра нейкі асобны пакой альбо кватэру то там лічбы не ніжэй за 800 злотых.

- І якім чынам тады выжываць?

- Трэба недзе падпрацоўваць, нехта можа спадзявацца на падтрымку бацькоў, таксама эканоміць. З большага студэнты ў нас працуюць у крамах кансультантамі альбо афіцыянтамі. Канешне, нам хацелася б працаваць у беларускіх структурах кшталту НАУ, Кабінету, дзе маглі прыносіць карысць Беларусі і ў той самы час дарабляць сабе на жыццё. Бо сапраўды стыпендыі жорстка не хапае.

-А астатнія стыпендыі таксама такія малыя?

-Іншыя стыпендыі вышэйшыя прыкладна на 100 долараў, але іх вельмі мала. Ну вось на сустрэчы з Паўлам Латушкам мы пачулі, што са згоды маршалка ваяводства ў нашым універсітэце будзе 20 стыпендый для беларусаў, а беларусаў там навучаюцца сотні. І большасць з іх не могуць вярнуцца ў Беларусь, ёсць людзі ў якіх няма магчымасці атрымліваць дапамогі ад бацькоў.

Тым не менш, усе неяк жывуць і выжыць у іх варунках, як кажа мой суразмоўца, рэальна. У Польшчы, паводле яго, жывецца больш свабодна.

Я вярнуся ў Беларусь…

-У Польшчы акрамя вучобы мы можам свабодна займацца грамадскай дзейнасцю. А вось мае знаёмыя, хто застаўся ў Беларусі, гэта рабіць не могуць, яны кажуць, што папросту вучацца.

Аляксей кажа, што хацелася б часцей сустракацца з бацькамі, сябрамі, але асабліва па Мінску не сумуе, бо разумее, што зараз там адбываецца. Тым не менш, у будучым хоча вярнуцца ў Беларусь.

-Я хацеў бы вярнуцца ў Беларусь і будаваць разам новую Беларусь. Разумею, што дзеля гэтага заўсёды будзе бракаваць людзей. А таму я вярнуся ў Беларусь…

Павел ЗАЛЕСКІ

слухайце аўдыё