Менавіта ў той год беларусы былі першымі па запытах на палітычны прытулак у Латвіі. Сёлета - другія. Паводле беларускіх эмігрантаў Латвія прыязна паставілася да тых, хто быў вымушаны з’ехаць з-за палітычных рэпрэсій. Аднак вайна ва Украіне змяніла стаўленне, латышскі ўрад пачаў больш бачыць у беларусах пагрозу.
Паводле статыстычных дадзеных беларусаў у Латвіі – каля 60 тысяч, але гэта меншасць, якая жыве здаўна на ўсходзе краіны і ў Рызе. За апошнія гады Латвія стала мэтавай краінай для беларусаў, якія з’язджаюць па палітычных матывах з-за пераследу з боку рэжыму Лукашэнкі. Паводле дадзеных латышскага ведамства па справах міграцыі, апошнія тры гады беларусы займаюць першыя месца па колькасці запытаў на палітычны прытулак. Латышы вельмі спагадліва паставіліся да беларусаў пасля жніўня 2020 года, кажа Паўліна Бурко з беларускай дыяспары ў Латвіі.
- Я жыву тут па статусе ўцякачкі, я падавалася на яго адразу як прыехала, яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны. Тады для беларусаў ніякіх абмежаванняў не было. Я нават атрымлівала ўлёткі, што Латвія – гэта краіна, дзе найбольш ветліва ставяцца да ўцекачоў. З апытанняў вынікала, што латышы найбольш радыя былі вітаць менавіта беларусаў. Гэта ўсё змянілася разам з пачаткам вайны. Цяпер не ўсе людзі разумеюць, яшчэ менш ведаюць сітуацыю ў Беларусі ды лічаць, што мы проста маўчым і нічога не робім.
Пры канцы мінулага года ўрад Латвіі ўвёў абмежаванні на выдачу новых часовых відаў на жыхарства грамадзянам Расіі і Беларусі, апроч таго былі ўведзеныя абмежаванні на падаўжэнне ўжо дзейных ВНЖ (гадавых і двухгадовы). Цяпер, на думку суразмоўцы ў Латвіі сацыяльныя настроі да Беларусаў вельмі кантрасныя.
- Ёсць тут прарасійскія людзі, гэта этнічныя рускія. Яны лічаць, што беларусы – гэта іх браты. На маю думку, беларусу, які прыехаў сюды з дэмакратычнымі поглядамі пасля рэпрэсій, часам складана. Таму што становіцца крыўдна за тое, што альбо не ведаюць з чым ён сутыкнуўся, ці лічаць яго злачынцам за тое, што ты выступае супраць Расіі. Ёсць яшчэ тыя, хто разумее, але іх не так шмат, на маю думку.
Але з легалізацыяй пакуль праблем не мая.
- Я па прыезду адразу падала дакументы на атрыманне статусу ўцекача. У мяне не было праблем, нават пасля пачатку вайны, я ўжо прайшла ўсе інтэрв'ю, не было змены стаўлення для мяне. Міграцыйныя службы вельмі падтрымлівалі. Гэты было заўважна.
Як стаўленне на працы? Як з магчымасцю вывучыць мову?
- Латышы да мяне ставіліся альбо добра, альбо нейтральна. На маёй першай працы, яны бачылі мае дакументы ўцекача ды раілі пайсці ў аддзел кадраў па дапамогу. З моўнымі курсамі складанае пытанне. Таму што цяпер усе перавагі аддаюцца ўкраінцам. Даводзіцца доўга чакаць месца. Да таго ж цяпер з новым моўным законам, месцы на курсах займаюць этнічныя рускія грамадзяне Латвіі. Таму ў мяне быў перапынак у навучанні. Спачатку я вучыла латышскую ў цэнтры для ўцекачоў, потым год мусіла чакаць, бо ніяк не магла трапіць на курсы. Цяпер ужо трапіла, дзякуючы таму, што вельмі аператыўна падала заяўку.
Ці складана вывучыць латышскую мову?
Мне здаецца ўсё залежыць ад чалавека. На маю думку не вельмі складана, я проста шмат моў ведаю і мне прасцей вучыць. Знаёмыя кажуць, што латышская складаная. Мне здаецца – нармальная.
Як інтэгравацца ў грамадства?
- Таксама залежыць ад чалавека. Мне было прасцей, бо я маю тут знаёмых. Дарэчы, таму сюды і ехала, бо мела тут падтрымку. З таго ж што кажуць беларусы з дыяспары, ёсць складанасці з інтэграцыяй. Часта бывае так, што беларусы працуюць у рускамоўным асяроддзі і тады ім цяжка інтэгравацца, бо няма кантакту з латышскай мовай. Тут праблема ў тым, што людзі больш інертныя, чым у Беларусі. У эміграцыі трэба быць актыўным, шукаць кантактаў. Ёсць арганізацыі, якія працуюць з уцекачамі, ёсць розныя грамадскія ініцыятывы. Варта з імі звязацца. Яны і паразмаўляюць, і могуць дапамагчы. Трэба даведвацца.
Як выглядае грамадскае жыццё беларусаў у Латвіі?
- Мы час ад часу сустракаемся. Ёсць Мова нанова, ёсць розныя сустрэчы пры нагодзе падзей і гадавін. У жніўні мы ладзілі гадавіну выбараў. Цяпер рыхтуем новае мерапрыемства, ёсць актыўнасць хоць і меншая чым у Літве ды Польшчы. Просту тут менш беларусаў.
У Рызе беларускія ўцекачы рэгулярна праводзяць розныя акцыі салідарнасці і падтрымкі пацярпелых ад рэпрэсій. Адбываюцца пікеты ля беларускай амбасады і шэсця ў цэнтры горада. З найбольш гучных акцый быў пікет з патрабаваннем пазбавіць Беларусь правоў на правядзенне Чэмпіянату свету па хакеі.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч