Беларуская Служба

Беларускі эмігрант у Польшчы: «Беларусы хацелі і хочуць перамен»

20.11.2023 15:57
Ад клерка ў дзяржустанове да ўласніка. Праз збіццё АМАПам і да эміграцыі. Ад працы на пана да працы на сябе. «Хочацца дапамагчы адбудаваць новую Беларусь».
Аўдыё
  • Мікалай - беларускі эмігрант у Польшчы
    2020
Пратэсты ў Беларусі ў 2020 годзефота: Pixabay.com/A_Matskevich

Было шмат надзей

Мікалай па адукацыі эканаміст, але, як сам заўважае, у Беларусі на дзяржпрадпрыемствах давялося працаваць на розных пасадах. І эканамістам, і бухгалтарам, і намеснікам дырэктара. Толькі вось ужыцца з  гэтай сістэмай так і не даў рады.

- Я сышоў з гэтай сістэмы, мы цалкам разышліся. Не мог я там працаваць. Ты прыходзіш на працу, а кожны начальнік патрабуе нешта сваё, дасылаюць лісты з загадамі, а ты разумееш, што гэта поўнае глупства.

Працаваў сам на сябе. Праўда, як заўважае ўжо перад 20-м годам сітуацыя з бізнесам пачала пагаршацца, паколькі ў цэлым эканамічны стан у краіне змяніўся не ў лепшы бок. Тым не менш, быў сам сабе гаспадаром. Але тут пачалася выбарчая кампанія.

- Вельмі шмат надзей тады было. Далі людзям волю і былі такія шматлюдныя акцыі. Людзі выходзілі даволі смела, бо мелі надзею. Я не хачу сказаць, што перад выбарамі актыўна ўдзельнічаў, а калі прайшлі выбары і акцыі былі кожны дзень – я пайшоў.

Прайшоў аўтазакі, збіццё, АМАП…

Трохі задумаўшыся, працягвае і кажа, што зведаў падчас акцый усё тое, што і астатнія.

- Мяне затрымалі, прайшоў аўтазакі, збіццё, АМАП, РАУС, бачыў збітых людзей, якіх не давалі вывезці хуткай дапамозе. Міліцыянты нікога не падпускалі – збіты ляжыць, і хай ляжыць. У крыві – хай у крыві. Я таксама быў у крыві. Мяне аглядалі медыкі, але нічога страшнага. Вось увесь гэты шлях я адчуў на сабе.

Цікаўлюся ў Мікалая – аб чым думаў у тыя хвіліны? А ён цяпер вельмі спакойна адказвае.

- Калі ты ляжыш у аўтазаку адзін на адным – там нічога не думаеш. Цябе б’юць, ты замыкаешся ў сабе, бо не можаш нават рухацца. Маленькі штуршок – табе дручком па галаве. У той момант ні аб чым не думаеш.

Адкуль у людзей столькі бел-чырвона-белых сцягоў?

Праўда, Мікалай кажа, што не гэта найбольш запомнілася з тых акцый. Як  і многія, перажыў пачуцці, якія дагэтуль жывуць у ім.

- Мяне  вельмі ўразілі падзеі, якія адбываліся першы тыдзень пасля выбараў, калі ладзіліся самыя масавыя акцыі. Мяне гэта вельмі ўразіла і я дагэтуль гэта памятаю, бо ніяк не мог зразумець, адкуль у людзей столькі бел-чырвона-белых сцягоў. Вось так жывеш – усюды ціха, нікога не бачна, а тут раптам – усё ў бел-чырвона-белых сцягах, балёніках, нейкіх плакатах…

Пазней, як заўважае Мікалай, сам сабе адказаў на гэтае пытанне.

- Беларусы хацелі і хочуць перамен, беларушчыну, а не тое, што зараз там адбываецца. Аказваецца, людзі ўсе гэтага хацелі, але мы раней не бачылі адзін аднаго. А тут раптам – убачылі. Адчулі, што беларус беларусу беларус, як казаў Вітольд Ашурак. Ён вельмі дакладна сказаў. І мы тады ўсе былі сябры, браты і сёстры адзін аднаму.

Цеплілася надзея, што хутка вернемся…

А потым пачаўся масавы хапун. Мікалай згадвае, што разумеў: хутка прыйдуць і па яго. Выходзячы з хаты аглядваўся, як ніколі раней. Праўда, з’ехаць давялося без асаблівых прыгодаў. У Польшчы Мікалай не думаў заставацца, не спяшаўся рабіць дакументы, але час ішоў, а нічога не змянялася.

- У мяне была надзея, што ўсё гэта хутка скончыцца Я думаў, што прабуду 2-3 месяцы, ну, паўгады, і вярнуся. Была надзея, а пазней зразумеў, што дарогі назад няма.

Лепей працаваць не на пана

Уладкаваўся на будоўлю, пачынаў з памочніка ў майстра, а праз сем месяцаў дарос да брыгадзіра. Тым не менш, кажа, што праца не лёгкая, працаваць даводзілася па 8-10 гадзін. А бывалі моманты, калі гаспадары не плацілі грошай і даводзілася быць галодным па некалькі дзён. А таму плюнуў на ўсіх гаспадароў і пачаў сам займацца рамонтамі і будаўніцтвам.

- Вось з траўня я пайшоў працаваць самастойна і мяне цяпер ужо з рук у рукі перадаюць. Адным трэба прыбіць, іншым павесіць, некаму прыбудаваць – хапае працы. А за гэтыя паўгады я разгледзеўся і бачу, што трэба расшырацца ў гэтай справе, бо не хочацца працаваць на пана.

Беларусь – наш дом

Апроч працы, Мікалай займаецца актыўнай дзейнасцю ў беларускіх арганізацыях, прымае ўдзел у акцыях, якія ладзяць беларусы. У Польшчы яму ў цэлым таксама падабаецца, шмат агульнага з беларусамі. Спадар кажа, што калі часам чагосьці не ведае запытацца па-польску, гаворыць па-беларуску і можа дамовіцца.

- Мне падабалася наша мова і яна была заўсёды са мною. Я і ўкраінскую мову добра разумею. Некалі ўдзельнічаў у ТБМ, гэта нешта дало. Але быў такі перыяд, калі я пачаў размаўляць цалкам з асобнымі людзьмі толькі на беларускай мове. А тут гэта вельмі добра, калі ты размаўляеш па-беларуску – гэта, як знак гонару за мову. Ды і ва ўсіх сацыяльных сетках пішу па-беларуску.

А таму і па Беларусі Мікалай сумуе, асабліва па прыродзе, дзе часта бавіў час з сябрамі і блізкімі. Яму гэтага вельмі не хапае.

- Беларусь – гэта дом. Калі будуць там змены, то я хацеў бы прыехаць назад. Але ўжо, каб і там і тут нейкі бізнес рабіць. Бо тут таксама ёсць сябры, а там родны дом. Ну і хацелася б пабудаваць новую Беларусь, дапамагчы, бо досвед маю, каб нешта зрабіць. Усе мы на гэта спадзяемся…

Павел ЗАЛЕСКІ

Слухайце гукавы аўдыёфайл