Беларуская Служба

Алесь Бяляцкі: Адкрытасць Захаду можа ўратаваць Беларусь ад «рускага міру»

21.04.2026 15:35
На сустрэчы ў Варшаве праваабаронца падкрэсліў ролю Захаду ў будучыні Беларусі і неабходнасць большай адкрытасці на беларусаў. 
Аўдыё
  • Сустрэча з Алесем Бяляцкім у Варшаве, 20 красавіка 2026 г.
     , 20  2026 .
Сустрэча з Алесем Бяляцкім у Варшаве, 20 красавіка 2026 г. Фота: Б. Судзін, Замежнае вяшчанне Польскага радыё

У панядзелак, 20 красавіка, Студыум Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта разам з Беларускім ПЭН-цэнтрам арганізавалі сустрэчу з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру, кіраўніком і заснавальнікам ПЦ «Вясна», былым палітвязнем Алесем Бяляцкім. Беларуская служба Польскага радыё сабрала самыя адметныя выказванні праваабаронцы.

Адна з найбуйнейшых залаў Варшаўскага ўніверсітэта, размешчаная ў гістарычным будынку ўніверсітэцкай бібліятэкі, была запоўнена некалькімі сотнямі слухачоў. Яны прыйшлі пабачыць «героя нашага часу» — менавіта так дырэктар Студыуму Усходняй Еўропы Ян Маліцкі прадставіў публіцы беларускага нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага.

Адкрываючы сустрэчу, кіраўніца Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай адзначыла, што за кратамі ў Беларусі застаюцца каля 900 палітвязняў — і гэта толькі паводле афіцыйных звестак праваабаронцаў. Алесь Бяляцкі выказаў надзею, што ўсе яны неўзабаве выйдуць на волю. Першая частка сустрэчы была прысвечана яго асабістаму досведу зняволення, пасля чаго пачалася сесія пытанняў з залы.

Адказваючы на пытанне пра стан беларускага грамадства, Бяляцкі адзначыў:

— Мы ўсе гэтыя 30 гадоў працуем на беларускае грамадства, імкнёмся яго змяніць. Але яно і само змяняецца. Асабліва гэта было відаць у 2020 годзе: улады не змяніліся, а грамадства — змянілася. Беларусы ўжо жывуць па-еўрапейску.

Праваабаронца падкрэсліў ролю Захаду ў будучыні Беларусі і неабходнасць большай адкрытасці.

— Ідэя «русского мира» актыўна прасоўваецца праз розныя інструменты: адкрываюцца расійскія цэнтры ў абласных гарадах, арганізуюцца паездкі, шмат беларускіх студэнтаў вучыцца ў Расіі. Гэта не выпадкова — так адбываецца паступовае, «паўзучае» ўкараненне расійскага ўплыву ў Беларусі. Мы павінны гэтаму супрацьстаяць і абараняць дэмакратычныя каштоўнасці. Вельмі важна, каб Захад заставаўся адкрытым: каб для беларусаў былі даступныя візы, кантакты, магчымасць прыязджаць у Еўрасаюз і бачыць, як тут жывуць людзі. Такія сувязі даюць значна большы эфект, чым многія праграмы, чым праца НДА.

Тэма мовы і культуры заняла адно з цэнтральных месцаў у размове. Алесь Бяляцкі быў катэгарычны.

— Калі мы хочам захавацца як народ на бліжэйшыя 200 гадоў, мы павінны выкарыстоўваць беларускую мову. Без мовы мы размыемся, нас проста расцягнуць на часткі.

Праваабаронца таксама адзначыў, што нават у зняволенні імкнуўся гаварыць па-беларуску:

— Я стараўся размаўляць па-беларуску нават у калоніі. Часам пераходзіў на рускую, каб мяне дакладна зразумелі, гэта як мат, але прынцыпова трымаўся сваёй мовы.

Паводле яго, дзяржава ў працэсе беларусісацыі павінна адыграць ключавую ролю.

— Калі сядзеў, стараўся размаўляць па-беларуску, хоць не заўсёды гэта атрымлівалася. Часам трэба было адказваць так, каб цябе зразумелі на сто працэнтаў, без ніякіх домыслаў — тады пераходзіў на рускую. Але пры гэтым патрабаваў, каб працэс ішоў па-беларуску, і ад гэтага не адмаўляўся. Фактычна, паводле Канстытуцыі — нават цяперашняй, лукашэнкаўскай — кожны мае права карыстацца беларускай мовай у дзяржаўных справах. Калі мне ў гэтым адмаўлялі, я проста адмаўляўся даваць паказанні, фактычна не ўдзельнічаў у судовым працэсе.

Гэта яшчэ раз паказвае, што беларускія ўлады ігнаруюць і зневажаюць беларускую мову. Для іх яна — нішто. У лепшым выпадку — нейкі дэкаратыўны элемент, як лапці на сцяне: маўляў, глядзіце, у нас гэта ёсць. Але калі мы хочам, каб мова жыла, яна павінна прысутнічаць ва ўсіх сферах і выкарыстоўвацца ва ўсіх аспектах чалавечага і грамадскага жыцця.

З іншага боку, праблема дэбеларусізацыі сапраўды існуе. Я сутыкаўся ў калоніі з людзьмі, якія ставяцца да цябе добразычліва, але проста не разумеюць беларускай мовы — найперш моладзь. Што я рабіў у такіх выпадках? Пераходзіў на трасянку, размаўляў так тыдзень-два-тры, а потым — на чыстай літаратурнай беларускай мове, і для іх гэта ўжо станавілася натуральным. Яны ўспрымалі гэта як пэўны працэс.

Таму навучанне і папулярызацыя беларускай мовы — гэта задача, якая стаіць перад намі і цяпер. Яе нельга вырашыць за адзін дзень. Нельга прымусіць людзей гаварыць па-беларуску — кожны мае права выбару. Але чыноўнікі, вайскоўцы, дзяржаўныя службоўцы павінны ведаць беларускую мову і карыстацца ёю. Безумоўна, нам трэба адыходзіць ад фактычнай двухмоўнасці: дзяржаўная мова павінна быць адна — беларуская. Іншыя мовы могуць выкарыстоўвацца, але беларуская павінна мець поўную дзяржаўную падтрымку. Чаго сёння, на жаль, няма.

Сустрэча прайшла ў жывой і эмацыйнай атмасферы. Кожны ўпэўнены адказ Алеся Бяляцкага пра непазбежнасць беларускага адраджэння выклікаў авацыі і ўзмацняў адчуванне, што, нягледзячы на ўсе выклікі, беларускае грамадства працягвае рух наперад.

Слухайце аўдыё!

эж

Зянон Пазьняк: Праз тры пакаленні русіфікацыя Беларусі стане незваротнай

17.03.2026 12:31
«У Беларусі адначасова з рэпрэсіямі ідзе выспяванне нацыянальнага, вяртанне да свайго. Яно стыхійна прарываецца».

Прафесарка Глагоўская: Як пасля савецкага тэрору, так і пасля лукашызма надыдзе беларускае адраджэнне

15.04.2026 17:00
«Размаўляйце па-беларуску, бо ў Польшчы, калі гаворыце па-руску, вас часта ўспрымаюць як расіяніна. І стаўленне адпаведнае».

Чарнобыльскі шлях у Варшаве: «Расія рыхтуецца да ядзернай вайны з выкарыстаннем Беларусі. Мы павінны сказаць — не!»

20.04.2026 15:01
Сёння Чарнобыльскі шлях набывае новае, яшчэ больш трывожнае вымярэнне. Гаворка ідзе пра размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі.