Індыя ў цяперашні час з'яўляецца адным з вядучых сусветных вытворцаў гарбаты і, вядома ж, вядучым экспарцёрам. Індыйцы самі пʼюць шмат гарбаты, таму значная частка індыйскай вытворчасці ідзе на мясцовы рынак, але экспарт таксама адыгрывае значную ролю.
Плантацыі гарбаты маюць уплыў на навакольнае асяроддзе, гаворыць выкладчыца факультэту культур Азіі і Афрыкі Варшаўскага ўніверсітэту, кандыдат навук Вераніка Ракіцка.
— Вырошчванне гарбаты, вядома, уплывае на навакольнае асяроддзе ўжо на працягу амаль 200 гадоў, з самага пачатку стварэння чайных плантацый. У ідэале добра было б, каб мы ва ўсім свеце перайшлі на арганічнае земляробства. У Індыі пакуль што толькі адзін рэгіён перайшоў на экалагічны спосаб вырошчвання: Сікім. У іншых рэгіёнах некаторыя плантацыі робяць спробы перайсці на больш экалагічныя метады, што азначае меншае выкарыстанне пестыцыдаў, і каб з цягам часу адмовіцца ад такіх велізарных плошчаў. Праблема вырошчвання гарбаты, і гэта відавочна ў Індыі, заключаецца ў тым, што першапачаткова для вырошчвання гарбаты былі высечаны велізарныя ўчасткі зямлі. Сёння, у ідэале, некаторыя з гэтых плантацый павінны быць ліквідаваны, а на іх месца пасаджаны іншыя расліны. У сваю чаргу плантацыі трэба было б перанесці, скажам, у іншае месца, каб з самага пачатку яны былі экалагічнымі. Такім чынам, гэта велізарная праблема. Будзем спадзявацца, што вытворцы гарбаты, як у Індыі, так і ў іншых месцах, прымуць выклік, таму што расце ўсведамленне таго, што будучыня — гэта экалагічныя, арганічныя культуры. Мы таксама ведаем, што з часам вытворчасць гарбаты на гэтых буйных плантацыях таксама пачне змяншацца, бо зямля ўжо вельмі знясіленая, і з часам гарбаты будзе проста менш. Таму лепш падрыхтавацца зараз і пачаць думаць пра тое, каб зрабіць гэтыя культуры максімальна экалагічнымі.
Другім выклікам для плантатараў гарбаты з’яўляюцца змены клімату. З гэтым звязана няўпэўненасць у тым, як працэс будзе развівацца. Найбольш адчувальным у Індыі з’яўляецца адсутнасць дажджоў.
— Дажджы ўплываюць на гарбату: калі яны пачынаюцца ў сезон дажджоў, колькі выпадае ападкаў і якія інтэрвалы паміж імі. Сёння ў Індыі мы ўжо ведаем, бо назіранне за гэтым вядзецца ўжо некалькі дзесяцігоддзяў, што гэтыя змены значныя, і што яны таксама аказваюць вялікі ўплыў на ўраджай гарбаты. Так што вытворцы гарбаты, безумоўна, павінны падрыхтавацца да такіх сітуацый. Краіны-вытворцы гарбаты ведаюць, што колькасць вырабленай гарбаты можа знізіцца, у тым ліку з-за непрадказальнасці клімату.
Гарбата, як расліна, заўсёды расла ў Індыі, хоць у вельмі перыферыйным рэгіёне, і на самой справе большасць індыйцаў стагоддзямі не мелі ніякага кантакту з гарбатай. Яна расла недалёка ад мяжы з Кітаем, бо Кітай быў краінай з шматвяковай чайнай традыцыяй. Усё змянілася ў ХІХ стагоддзі, калі брытанцы скралі чайныя кусты і прывезлі іх у Індыю, перакананыя, што Індыя будзе месцам вялікіх плантацый і атрымання прыбытку ад міжнароднага гандлю гарбатай. І гэта сапраўды ўдалося. Ужо ў ХІХ стагоддзі Індыя стала буйным экспарцёрам гарбаты. Гарбата з Індыі была надзвычай раскошным прадуктам, які прадаваўся за велізарныя сумы і быў даступны толькі самым багатым.
У пэўны момант вытворчасць гарбаты пашырылася, плантацыі сталі большымі, і ўсё больш і больш гарбаты было даступна на рынку. Цэны пачалі падаць, што зрабіла гарбату больш даступнай спачатку для больш заможных жыхароў Індыі, не толькі для брытанскай каланіяльнай эліты, але з часам і для людзей сярэдняга класа, а ў рэшце рэшт і для больш бедных людзей.
З часу, калі індыйцы пачалі масава піць гарбату, узнікла мноства ідэй, як піць гэты напой, расказвае Вераніка Ракіцка.
— Вядома, Індыю мы найбольш асацыюем з чаем з малаком і цукрам, а таксама са спецыямі, такімі як кардамон, карыца і імбір. Аднак гэта толькі адзін са спосабаў піць гарбату ў Індыі, бо гарбата спалучаецца з мноствам розных інгрэдыентаў. Людзі пʼюць гарбату з соллю, гарбату з соллю і цытрынай, а таксама гарбату з індыйскім базілікам. Акрамя таго, калі казаць пра сумесь спецый, то ў некаторых рэгіёнах дадаюць перац, у іншых — кардамон і карыцу, што робіць спалучэнне больш салодкім. І, перш за ўсё, ёсць таксама вельмі ўнікальная гарбата з горных раёнаў Гімалаяў. У нас яна больш вядомая як тыбецкая, але яе таксама пʼюць у Індыі і Гімалаях, гэта значыць гарбата з малаком яка, вельмі, вельмі тлустая, і таксама з цукрам. Такім чынам, гэта вельмі, вельмі густая і салодкая гарбата.
У Індыі найбольш папулярнай з’яўляецца чорная гарбата, перад усім па прычыне яе цаны. Яна таннейшая, чым зялёная ці белая гарбаты.
ав
слухайце аўдыё