Яны спрабуюць аказваць дапамогу мігрантам, якія апынуліся самі ў лесе, дбаючы пра тое, каб гэтыя людзе не паміралі з холаду і голаду.
Польшча сёлета сутыкнулася з вялікай хваляй міграцыі з краін Блізкага Усходу. Гэтая міграцыя не мела натуральнага характару, а выкліканая шантажом з боку рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да Захаду. Беларускі ўзурпатар хоча дамагчыся прызнання яго ўлады ды адмены санкцый, арганізуючы шлях нелегальнай міграцыі ў Еўропу з краін Азіі ды Афрыкі.
Польскі ўрад прыняў рашэнне забяспечыць шчыльнасць мяжы.Тысячы вайскоўцаў, паліцыянтаў ды памежнікаў выконваюць гэтае заданне. Сітуацыя на мяжы не пакінула абыякавым і польскае грамадства. Частка людзей выказваюць падзяку праваахоўнікам за абарону мяжы. Некаторыя проста паехалі на Ўсход, каб аказаць, у першую чаргу, медычную дапамогу людзям, якія апынуліся на мяжы, часта рызыкуючы здароўем і нават жыццём, не звяртаючы ўвагу на палітычны аспект справы. Пра тое з чым ім давялося сутыкнуцца мы паразмаўлялі з Аляксандрай Руткоўскай з фундацыі “Польскі цэнтр міжнароднай дапамогі”.
- Мы вырашылі працягнуць працу, якую пачала група “Лекары на мяжы”. 15 лістапада яны завяршылі сваё дзяжурства, а мы працягнулі іх працу па аказанні патрэбнай дапамогі. Мы атрымалі інфармацыю, што ў польскіх лясах на мяжы патрэбная медычная дапамога. Мы дзейнічаем на мяжы тэрыторыі ахопленай надзвычайным становішчам. Мы правялі ўжо некалькі аперацый, якія паказалі, што нашая прысутнасць там неабходная.
Чым гэта тлумачыцца?
- Там цяпер пануюць цяжкія атмасферныя ўмовы, надвор’е псуецца, асабліва гэта адчуваюць асобы, якія вымушаныя ісці праз густы лес. Часта іх здароў’е ў выніку пад пагрозай. Таму мы мабілізавалі нашу медычную брыгаду. Мы будзем дапамагаць усім, хто патрабуе дапамогі ў гэтым лясным раёне на мяжы зоны надзвычайнага становішча. Таксама мы гатовыя аказаць дапамогу ўсім, хто з намі кантрактуецца.
З чым Вам давялося сутыкнуцца, якую дапамогу Вы аказвалі?
- За намі ўжо некалькі выратавальных акцый, гэта былі выклікі ноччу. Я распавяду пра апошнюю, калі мы дапамаглі 4 мужчынам у лесе непадалёк ад Аўгустова. Мужчыны былі ў цяжкім стане, яны моцна прамерзлі, скардзіліся на боль, патрабавалі шпіталізацыі. Дзякуючы супрацоўніцтву з валанцёрамі групы “Мяжа” мы змаглі эвакуіраваць гэтых людзей і завесці на хуткай дапамозе ў шпіталь пра ўзаемадзеянні з Памежнай аховай ды паліцыяй.
Дзейнічаць давялося вельмі хутка, бо стан аднаго з мужчын пачаў імкліва пагаршацца, кажа Аляксандра.
- Ён не мог сядзець, засыпаў, нам жа давялося яшчэ праз паўгадзіны ісці пешкі праз лес. Калі мы прыйшлі на месца высветлілася, што адзін з мужчын быў у стане сярэдняга пераахалоджвання, з цяжкасцю дыхаў. Рэшта таксама мела пераахалоджванне ды абязводжанне. Яны былі вельмі слабыя. Яны скардзіліся, што сікаюць крывею, мы бачылі чыстыя выніты. Яны не маглі ісці. Нам давялося супольнымі сіламі іх транспартаваць да машыны хуткай дапамогі. Таму што, гледзячы на іх вельмі цяжкі стан, у лесе не было магчымасці аказаць ім дапамогу.
Выратавальнікі перакананыя, што ў бліжэйшы час можа пагоршыцца сітуацыя і будуць больш цяжкія выпадкі.
- Стан хворых людзей будзе неўзабаве яшчэ больш цяжкі і небяспечны. Гэта звязана з тым, што тэмпература падае, пры зямлі ўжо назіраецца ніжэй за нуль тэмпературы. Напрыклад, да нас паступіла просьба аб дапамозе ад 10-асабовай групы, таксама ўначы. Дапамогі патрабавалі 3 чалавек, у іх былі параненыя ногі ды рукі, а адзін чалавек не быў у стане ісці. Гэтыя людзі шмат дзён нічога не елі, пілі ваду з лесу, што можа прывесці да атручвання. Без нашай прысутнасці там, гэтыя людзі адтуль бы ўжо не выйшлі.
Ратаўнікі кажуць, што яны застануцца там столькі часу, колькі будзе патрэбна. Таму што сёння ніхто не павінен паміраць ад таго, што трапіў у лес адзін.
Юры Ліхтаровіч