Учора ў Польшчы разам з выбарамі ў парламент праходзіў дзяржаўны рэферэндум. На ім было чатыры пытанні. 1. Ці падтрымліваеце вы продаж дзяржаўных актываў замежным структурам, што вядзе да страты полькамі і палякамі кантролю над стратэгічнымі галінамі эканомікі?
2. Ці падтрымліваеце вы павышэнне пенсійнага ўзросту, у тым ліку аднаўленне павышанага да 67 гадоў пенсійнага ўзросту для жанчын і мужчын?
3. Ці падтрымліваеце вы ліквідацыю плоту на мяжы паміж Рэспублікай Польшча і Рэспублікай Беларусь?
4. Ці падтрымліваеце вы прыём тысяч нелегальных мігрантаў з Блізкага Усходу і Афрыкі ў рамках механізму прымусовага перасялення, навязанага еўрапейскай бюракратыяй?
Паводле звестак экзіт-полу, яўка на нядзельны рэферэндум склала 40%. Падобныя лічбы агучвае Дзяржаўная выбарчая камісія. У любым выпадку гэты вынік яўкі робіць рэферэндум неабавязковым. Канчатковыя вынікі будуць вядомыя заўтра, але многае сведчыць аб тым, што ў гэтай справе нічога не зменіцца.
На выбарах у парламент яўка склала амаль 70-73% (гэтая лічба будзе вагацца да абвяшчэння канчатковых вынікаў). Гэта значыць, што каля 30% выбарцаў адмовіліся прымаць удзел у галасаванні на рэферэндуме. Да байкоту галасавання з самага пачатку пераконвала апазіцыя, якая лічыла, што кіроўная партыя «Права і справядлівасць» зладзіла рэферэндум, каб маніпуляваць выбарцамі і павялічыць сваю падтрымку ў парламент. Пераважную большасць сваіх выбарцаў апазіцыі, як бачна, удалося пераканаць.
«Рэферэндум аказаўся поўным правалам. Прынамсі, у Познані», – напісаў сенатар і кандыдат у дэпутаты ад спісу Грамадзянскай кааліцыі Марцін Басацкі ў Твітэры.
Усё ж прадстаўнікі апазіцыйных сіл у першых каментарах пасля выбараў амаль не закранаюць пытанне рэферэндуму. Іх увага засяроджаная на праўдападобнай апазіцыйнай большасці ў парламенце.
З 40-43% палякаў, якія ўзялі бюлетэні для галасавання, адмоўна адказалі на ўсе чатыры пытанні ад 94 да 96% выбарцаў (прамежкавыя вынікі Дзяржаўнай выбарчай камісіі вагаюцца). Астатнія (3-5%) адказалі «так».
Паводле палітыкаў «Права і справядлівасці», якія ініцыявалі правядзенне рэферэндуму, вынік галасавання, нават без неабходнай яўкі, павінен брацца пад увагу новай уладай. У гэтым перакананы кіраўнік Урадавага цэнтру стратэгічнага аналізу прафесар Норберт Малішэўскі:
-Першая рэч, пра якую трэба памятаць, гледзячы на вынікі рэферэндуму, а палітыкі апазіцыі не раз казалі, што не будуць браць пад увагу вынікі рэферэндуму, але яны не могуць ігнараваць амаль 8 мільёнаў галасоў палякаў. Гэта павінен быць вынік, які павінен прынамсі гаварыць рашучае «не» міграцыйнаму пакту. Другая справа, што ўдзел у рэферэндуме стаў такім палітычным маніфестам. Паколькі большасць палякаў ва ўсіх чатырох пытаннях адказала «не», то, нягледзячы ні на што, гэтыя адказы павінны быць для апазіцыі абавязковымі. У плане таго, што гэта важныя справы, якія павінны быць па-за падзеламі. І пенсійны ўзрост, і агароджа на мяжы, і рашучае «не» супраць прымусоваму перасяленню.
Адно з пытанняў тычылася ліквідацыі агароджы на польска-беларускай мяжы. Ніводная з апазіцыйных партый не гаварыла, што збіраецца ліквідаваць плот. Нічога не сведчыць аб тым, што нехта меў такія планы.
У адрозненні ад жадання прагаласаваць на рэферэндуме, пачуццё грамадзянскага абавязку ў выбарах у Сейм і Сенат у палякаў апынулася на гістарычна высокім узроўні – амаль 73%.
-Учорашнія прагнозы пра рэкорд яўкі спраўдзіліся. Яўкі больш за 70% пасля 1989 году ў Польшчы не было. У парламенцкіх выбарах у 1989 былі не цэлыя 63%. З гэтага пункту гледжання – велізарны поспех. Таксама гэта значыць, што выбарцы давяраюць выбарчым органам. Акрамя таго, гэта дае моцную легітымнасць асобам, якія будуць выбраныя дэпутатамі ці сенатарамі. З пункту гледжання ўлады гэта вельмі важная справа, – гаварыў старшыня Дзяржаўнай выбарчай камісіі Сільвестар Марціняк.
Паводле папярэдніх дадзеных, перамагла партыя «Права і справядлівасць», аднак яна не зможа атрымаць парламенцкай большасці. Цалкам рэальны сцэнар – гэта стварэнне ўрадавай кааліцыі трыма апазіцыйнымі групамі: Грамадзянскай кааліцыяй, Трэцім шляхам і Левымі.
ав