Беларуская Служба

Ціск беларускага рэжыму на дэмакратычны супраціў, у тым ліку лічбавы, з'яўляецца сурʼёзным выклікам

06.11.2023 15:56
Цэнтр новых ідэй правёў апытанне на тэму лічбавізацыі беларускай палітыкі і грамадзянскай супольнасці.
Аўдыё
  • Лічбавыя інструменты ў беларускай палітыцы
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: dan-it.com.ua

Палітычная актыўнасць унутры Беларусі магчымая на дадзены момант выключна ў анлайн-прасторы. Цэнтр новых ідэй правёў даследаванне на тэму пошуку спосабаў аб'яднання анлайн-прапаноў з афлайн-актыўнасцю, выпрацоўкі новых сэнсаў унутры дэмакратычных сілаў. Ціск палітычнага рэжыму на дэмакратычны супраціў, у тым ліку лічбавы, – сурʼёзны выклік для беларускіх палітыкаў і актывістаў, асабліва ва ўмовах, калі прапагандысты прасоўваюць свае наратывы ў TikTok ці іншай папулярнай платформе. 

Лічбавыя ініцыятывы, як, напрыклад, праграма «Голас», якая дазваляла падлічыць, як на самой справе галасавалі беларусы падчас выбараў, аказалі вялікі ўплыў на мабілізацыю беларускага грамадства. Зараз такіх лічбавых інструментаў яшчэ больш, беручы пад увагу вялікую колькасць крэатыўных людзей,у тым ліку ІТ-спецыялістаў, якія з’ехалі з Беларусі. Ці гэтыя інструменты могуць нейкім чынам уплываць на жыццё ўнутры Беларусі, зблізіць беларусаў за мяжой і ўнутры краіны?

Цэнтр новых ідэй правёў сярод беларускіх палітычных аналітыкаў, медыя-экспертаў, праваабаронцаў ды прадстаўнікоў розных грамадзянскіх платформаў апытанне на тэму лічбавізацыі беларускай палітыкі і грамадзянскай супольнасці.

Аўтар даследавання – беларуская палітолаг, дырэктарка Цэнтру новых ідэй Леся Руднік. У падсумаванні працы гаворыцца, што лічбавыя рашэнні сталі бяспечным і практычна адзіным магчымым інструментам дэмакратычнага супраціўлення. Абапіраючыся на вынікі даследавання, Руднік адзначыла, што лічбавыя платформы зʼяўляюцца месцам ідэалагічнай барацьбы. Прадэмакратычныя і праўладныя спікеры выкарыстоўваюць розныя формы падачы і распаўсюджвання сваіх палітычных наратываў. Маніторынг паказаў, што яны рэагуюць на адны і тыя ж палітычныя падзеі, такія як вайна ва Украіне, мяцеж Яўгена Прыгожына, санкцыі, памілаванне Рамана Пратасевіча, пры гэтым выбудоўваючы супрацьлеглыя і варожыя адзін аднаму наратывы.

Зразумела, што лічбавыя інструменты не могуць радыкальна паўплываць на сітуацыю ўнутры Беларусі, але яны могуць быць свайго роду практыкаваннем перад будучымі падзеямі, – кажа Леся Руднік.

- Беларусы за мяжой могуць практыкаваць свае навыкі, як можна арганізоўваць палітычную актыўнасць у краіне. Праекты не выжываюць без базы каштоўнасцяў, якія закладзеныя ў гэтыя праекты. Эксперты адзначалі, што самі па сабе гэтыя праекты не могуць змяніць уладу без класічнага афлайнавага актывізму і палітычнай барацьбы. Дэмакратычныя сілы працуюць на базе лічбавых інструментаў, на гэтых пляцоўках можна спрабаваць прасоўваць каштоўнасці і прадумваць актыўнасці ў афлайне. Беручы пад увагу, што многія ініцыятывы маюць статус экстрэмістаў, важна даходзіць да асобных групаў у Беларусі шляхам будавання нішавых, нават партызанскіх праектаў, мець агентаў уплыву ўнутры краіны, спрабаваць надаваць сэнс усім ініцыятывам.

Эксперты перакананыя, што толькі абʼяднанне анлайн-ініцыятыў з афлайн-актыўнасцю можа прынесці Беларусі палітычную і сацыяльную карысць. Пры гэтым, анлайн-пляцоўкі сёння – адзіны магчымы спосаб камунікацыі з аўдыторыяй, настроенай супраць рэжыму Лукашэнкі. Поспех лічбавых праектаў немагчымы ва ўмовах крызісу ідэй. Гэты крызіс абумоўлены не столькі адсутнасцю прапаноў для беларусаў з боку палітыкаў і стваральнікаў грамадзянскіх ініцыятыў, колькі рэпрэсіўнымі практыкамі рэжыму, закладнікамі якіх сталі грамадзяне краіны.

Палітолаг Арцём Шрайбман адзначыў, што ў дадзены момант рэальная ступень мабілізацыі ў беларускім грамадстве вельмі нізкая. Уладам пры дапамозе рэпрэсіяў удалося запужаць грамадства, таму яно апатычнае і дэматываванае. Аналітык згадаў праект «Голас», у рамках якога можна было дасылаць у адмысловую праграму здымак свайго бюлетэня падчас выбараў 2020 года. Цяпер падобны праект у Беларусі бы не спрацаваў, але варта яго выкарыстоўваць дзеля маніторынгу поглядаў беларусаў на працу дэмакратычных структур, – мяркуе аналітык.

- Спроба зрабіць альтэрнатыўны падлік галасоў наўрад ці ангажуе больш чым некалькі дзясяткаў тысяч людзей. На колькі гэта будуць карысныя дадзеныя, улічваючы маштабы фальсіфікацыі? Дэманстрацыя такога малога ўдзелу лёгка можа стаць прапагандысцкім наратывам – маўляў, бачыце, як мала людзей карыстаюцца апазіцыйнымі прыладамі. А галоўнай прычынай будзе страх узаемадзейнічаць з экстрэмісцкімі інструментамі. Варта ставіць сабе рэалістычныя мэты на кампанію, а не думаць, што ўдасца даказаць фальсіфікацыі праз «Голас» ці «Адно акно». А выкарыстоўваць гэтыя інструменты ў альтэрнатыўных выбарчых кампаніях, напрыклад, Каардынацыйнай рады, гэта адзіная опцыя.

У падсумаванні даследавання адзначана, што сёння, калі лічбавыя платформы сталі неадʼемнай часткай жыцця, а рэжым Лукашэнкі выцесніў дэмакратычны супраціў у анлайн-прастору, палітычная барацьба часткова перамясцілася ў лічбавае поле, дадаючы яшчэ адну плоскасць палітычнай канкурэнцыі паміж прыхільнікамі рэжыму Лукашэнкі і прыхільнікамі дэмакратычных сіл.

нг