Пачатак мая выдаўся сонечным, можна сказаць, што нават летнім. Скачок тэмпературы быў вельмі рэзкім, напярэдадні тэмпература ноччу месцамі была нават 6-7 грудасаў ніжэй нуля. З экспертам тлумачым, чаму вясеннія эпізоды холаду не пярэчаць глабальнаму пацяпленню.
Ні халодныя тэмпературы перад доўгімі майскімі выхаднымі, ні чаргаванне цёплага і больш халоднага надвор'я не супярэчаць глабальнаму пацяпленню. Слова ключ у гэтым кантэксце — «глабальны». Пад увагу бярэцца тэмпература па ўсім свеце і на працягу цэлага года. Тады бачна відавочнае павышэнне сярэдняга паказчыка, якое дэманструе энергетычны дысбаланс планеты, гаворыць Міхал Брэнэк з Інстытуту геафізікі Польскай акадэміі навук.
— Падзеі, якія адбыліся ў Польшчы ў сакавіку і красавіку, звязаныя з сур’ёзнымі зменамі ў Арктыцы. Зіма там адзначылася рэкордна нізкім узроўнем марскога лёду, што і паўплывала на надвор’е. Сама Арктыка награваецца прыкладна ў 3-3,8 раза хутчэй, чым астатняя частка зямнога шара, а ў некаторых раёнах нават хутчэй. У выніку цеплавы кантраст паміж полюсам і тропікам памяншаецца, што дазваляе больш халоднаму паветру з Арктыкі дасягаць далёкага поўдня, нават вельмі позна вясной. У мясцовых умовах гэта тое, што мы адчуваем як пахаладанне або больш халодную вясну. Аднак таксама вельмі важна адзначыць, што гэтыя мясцовыя ўмовы, якія выклікае прыход халоднага паветра, стварае рэцэпт моцных маразоў, нават двухзначных. Гэта, у сваю чаргу, азначае велізарныя страты для сельскай гаспадаркі.
Міхал Брэнэк звяртае ўвагу, што абсалютна неабходным з’яўляецца тое, каб адрозніваць надвор’е ад клімату. Надворʼе — гэта тое, што адбываецца сёння на вуліцы, а клімат адносіцца да тыповых сярэдніх заканамернасцей, тыпаў надворʼя, якое чакаецца. Калі гаворка ідзе пра клімат, то разглядаюцца доўгатэрміновыя дадзеныя, тыпы надворʼя ў дадзеным месцы, іх верагоднасць і іх рытм на працягу года. Калі гаворка ідзе пра глабальны клімат, то аналізуецца цыркуляцыя паветра і цыркуляцыя акіяна ў глабальным маштабе.
— Аднак, калі я выходжу на вуліцу і бачу, што стала халадней, або назіраю кароткачасовы снегапад, гэта не адмяняе змен клімату. Проста адбываецца іншы лакальны працэс. І сапраўды, у некаторых частках планеты будзе больш ападкаў або будзе халаднейшае надворʼе, але ва ўсім свеце тэмпература планеты павышаецца. Галоўнае тут — паглядзець, ці снегу выпала больш, ці ён выпаў тады, калі звычайна выпадае? Іншымі словамі, нам трэба паглядзець на рытмы, паглядзець на статыстыку, а таксама на тое, як гэты рытм змяняецца. Ці мы бачым выразныя, накіраваныя змены ў дадзеных назіранняў.
Міхал Брэнэк з Інстытуту геафізікі Польскай акадэміі навук тлумачыць, што глабальнае змяненне клімату — гэта, проста кажучы, энергетычны дысбаланс на планеце. Гэта значыць, што раней стабільны энергетычны баланс цяпер парушаны. Можна з упэўненасцю сказаць, што надворʼе будзе мець больш энергіі, і калі энергіі будзе больш, то будзе больш кантрасту. З аднаго боку, гэта азначае больш інтэнсіўныя ападкі, ліўні, больш часты град, але з іншага боку, гэта таксама азначае больш глыбокую засуху і гэтак далей. І гэта не вельмі добрая навіна для нас.
— Нашы запасы энергіі павялічваюцца. Гэта відавочна па глабальных сярэдніх паказчыках, але пераўтварэнне глабальнага энергетычнага балансу ў лакальныя зʼявы няпросты працэс, бо тут дзейнічаюць не толькі глабальныя працэсы, але іх мадыфікуюць рэгіянальныя ды лакальныя працэсы. Калі мы гаворым пра змяненне клімату, мы таксама гаворым пра тое, чаго мы можам чакаць ад умоў надвор’я на працягу года, пра рытмы, у якіх функцыянуе і ўплывае на нас надворʼе, і гэтыя рытмы змяняюцца. Мы таксама з заклапочанасцю глядзім на будучы летні сезон, бо ў трапічнай частцы Ціхага акіяна развіваецца гарачая тэмпературная анамалія, і значная колькасць гэтай энергіі захоўваецца ў акіяне. Таму мы пакуль толькі чакаем: гэта доўгатэрміновы прагноз, які звязаны з вялікай нявызначанасцю. Магчымыя як перыяды моцнай спякоты, так і зіма, якая будзе цяплейшая за звычайную і зменлівая.
Такім чынам, разуменне апісаных працэсаў патрабуе глабальнай перспектывы, і недастаткова проста паглядзець на мясцовае надворʼе за акном. Трэба зразумець, што яго выклікала, як працавалі рэгіянальныя працэсы, якія ператварылі глабальную сітуацыю ў тое, што мы бачым за акном. Неабходна звязаць прычыны і наступствы ў розных маштабах. Гэта няпроста, і пра змену клімату, безумоўна, нельга гаварыць наступным чынам: толькі таму, што надворʼе на вуліцы халаднейшае, мы адмяняем глабальнае пацяпленне.
ав
слухайце аўдыё