Беларуская Служба

Ужо 22 красавіка ЕС можа разблакаваць 90 млрд еўра крэдыту для Украіны 

21.04.2026 12:58
Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Ігнацы Нямчыцкі таксама выказаў надзею на хуткае прыняцце адпаведнага рашэння.
    ()
Будынак Рады Еўрапейскага Саюза (ілюстрацыя) Фота: Беларуская служба Польскага радыё, https://www.polskieradio.pl/396

Ужо ў сераду, 22 красавіка, ЕС можа разблакаваць буйную фінансавую дапамогу для Украіны. Пра гэта заявіла кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Кая Калас перад сустрэчай міністраў замежных спраў у Люксембургу. Гаворка ідзе пра крэдыт у памеры 90 млрд еўра на бліжэйшыя два гады.

Раней выдзяленне сродкаў блакавала Венгрыя, аднак урад Віктара Орбана, які сыходзіць, даў сігнал, што гатовы падтрымаць гэтае рашэнне. Адначасова з’явілася інфармацыя, што Украіна аднавіла нафтаправод «Дружба», пашкоджаны ў студзені, і транзіт расійскай нафты ў Венгрыю неўзабаве будзе адноўлены.

— Украіне сапраўды патрэбна гэтая пазыка. Гэта таксама сігнал, што яна вытрымае даўжэй за Расію, — адзначыла Калас.  

У сваю чаргу намеснік міністра замежных спраў Польшчы Ігнацы Нямчыцкі таксама выказаў надзею на хуткае прыняцце адпаведнага рашэння.

Паводле ацэнак экспертаў, без дадатковага фінансавання Украіна ўжо ў бліжэйшы час можа сутыкнуцца з сур’ёзнымі бюджэтнымі праблемамі.

iar/эж