У Еўропе па зацікаўленасці да адпачынкаў палякаў апярэджваюць толькі італьянцы ды іспанцы з 83% і 80% адпаведна. Пры гэтым сёлета большасць палякаў выбірае адпачынак у Польшчы, толькі 12% кажуць пра жаданне паехаць за мяжу. Найбольш папулярныя напрамкі – Балтыйскае ўзбярэжжа і горы. Што цікава папулярным становіцца адпачынак з палаткамі. Гэта тлумачыцца патрэбай блізкасці да прыроды і магчымасцю актыўна бавіць час.
Папулярнасць турыстычных вандровак і адпачынку ў Польшчы сягае другой паловы мінулага стагоддзя. У 1960-я і 1970-я гады ў часы Польскай Народнай Рэспублікі — эпохі, поўнай выклікаў і абмежаванняў - пачалася масавая рэклама турызму, якая была накіравана не толькі на адпачынак, але і на сацыяльную інтэграцыю. Пра што рэгулярна ў тыя часы расказвалі СМІ, у першую чаргу тэлебачанне.
— Шмат людзей адмаўляюцца ад паездак на курорты на час адпачынку, замест гэтага яны едуць на вёску, да сям’і ці бяруць палаткі ды едуць на азёры. Найлепшы адпачынак не мусіць шмат каштаваць. У Польшчы шмат прыгожых месц, а больш сціплы адпачынак толькі паспрыяе здароўю.
Культура адпачынку ў Польскай Народнай Рэспубліцы стала ўнікальнай з'явай, якая дагэтуль выклікае шмат у каго незвычайныя эмоцыі ды ўспаміны. Гэта быў не толькі спосабам расслабіцца, але і своеасаблівы рытуал, які аб'ядноўваў людзей і дазваляў адпачыць ад паўсядзённых клопатаў, згадваюць слухачы Польскага радыё.
— Цудоўны час, калі для паўнаты шчасця хапала толькі палаткі ды спальнага мяшка, вогнішча ды гітары.
— Калісьці ў маладосці я быў з палаткай «дзікуном», тады не было кемпінгаў, а мы раскладаліся на беразе возера ці ракі. Уражанні немагчыма пераказаць, гэта трэба самому перажыць. Асабліва, калі надыходзіла навальніца. Так мы вучыліся жыццю. Пра гэта цяпер памятаюць толькі людзі сталага ўзросту, моладзь не вельмі ведае пра гэта.
У звязку з тым, што ў часы ПНР паездкі за мяжу былі абмежаваныя, людзі выбіралі вандроўкі ўнутры краіны, часта з палаткамі. Гэта нават назваць традыцыяй у Польшчы, кажа Караліна Саморай з Таварыства «Greenways Polska».
— Палякі вельмі любілі паездкі з палаткамі ці на кемпінгі ў часы Польскай Народнай Рэспублікі. Гэта, бадай жа, быў самы папулярны від адпачынку. Усё, што вам трэба было мець: палатка ля возера ці ў прыгожым лесе, і вы маглі лічыць свой адпачынак сапраўды ўдалым, былі размовы каля вогнішча, гульні ды шмат іншага, і таму палякам вельмі падабаўся такі від адпачынку, як кемпінг, паходы з палаткамі.
Высвятляецца, што сёлета таксама большасць альбо палова палякаў збіраюцца правесці свой адпачынак у Польшчы. Так у красавіцкім апытанні для Multisport 58% палякаў заявілі, што правядуць свой адпачынак у краіне. У сваю чаргу даследаванне «Urlopowy Kompas Polaków: Wakacje 2025» паказвае, што тры чвэрці палякаў маюць намер правесці свой адпачынак у Польшчы. У прыватнасці, 43% правядуць свой вольны час толькі ў краіне, 31% спалучаць сваё знаходжанне ў Польшчы з паездкай за мяжу, і толькі 12% палякаў дэкларуюць, што правядуць свой адпачынак выключна за мяжой.
Што цікава, адпачынак у краіне часцей за ўсё выбірае моладзь (асобы ва ўзросце 25-34 гады). У той жа час маладыя адпачывальнікі імкнуцца збочыць з пратаптаных сцежак і шукаюць месцы з характарам. Такія месцы ўсё часцей яны знаходзяць на намётавых палях ці кэмпінгах насуперак таму, што думаюць людзі старэйшага пакалення
— У пяцізоркавыя гатэлі буду ездзіць, як пасталею, тады мне не захочацца ў лес. Цяпер пакуль маладая, я маю час, каб свабодна адпачыць, навошта выдаткоўваць грошы на гатэль, калі цікавей у лесе.
— Я быў раз з палаткай. Такая паездка вучыць адказнасці, бо едзеш сам, трэба самому падрыхтавацца, узяць усе рэчы, паехаць і з усім справіцца.
Узрастаючую цікавасць да кемпінгу бачна па статыстыцы пакупак. Напрыклад, з 2022-га года годзе назіраецца значны рост пакупак намётаў і турыстычных аксесуараў. Паводле дадзеных парталу PanParagon, з года ў код колькасць чэкаў, з набытымі намётамі, спальнымі мяшкамі, матрацамі ці кілімкамі павялічваецца на 110%. Група «Сямейныя вандроўкі з палаткамі» у Facebook налічвае больш за 160 тысяч удзельнікаў.
Паводле эксперта прычыны такой папулярнасці адпачынку з палаткамі: блізкасць да прыроды, нізкія выдаткі і магчымасць актыўна праводзіць час, і нашмат лепшая інфраструктуры чым даўней.
— Кемпінгі цяпер вельмі папулярныя. Памятайце, што кемпінгі ў цяперашні час прапануюць значна лепшы ўзровень, чым тыя, што існавалі ў часы Польскай Народнай Рэспублікі ці некалькі дзесяцігоддзяў таму. У наш час кемпінгі часта маюць санітарны вузел, розныя выгоды, месцы, дзе можна схавацца ў выпадку дрэннага надвор'я. Паход з намётам мае яшчэ адну перавагу: вам не трэба браніраваць месца загадзя, як правіла, дастаткова ўзяць намёт і проста паехаць на стаянку каля возера ці ракі, ці ў горы. Зараз у Польшчы сапраўды шмат кемпінгаў, і людзям вельмі падабаецца адпачываць такім чынам, галоўным чынам таму, што гэта кантакт з прыродай, свежае паветра ўвесь час, не трэба рыхтавацца нейкім асаблівым чынам, напрыклад, жанчынам не трэба неяк адмыслова апранацца, ім не трэба рабіць макіяж. Гэта такія цалкам элементарныя прычыны, але ў гэтым праяўляецца тая лёгкасць, якую мы адчуваем на кемпінгу. Акрамя таго мы можам займацца рознымі відамі актыўнага турызму, гэта значыць катацца на ровары і байдарках, можна займацца скандынаўскай хадой, катацца на конях. Таксама такое знаходжанне блізка да прыроды ўпісваецца ў тэндэнцыю экатурызму, які стаў папулярным у Польшчы і мае сваю традыцыю.
З найбольш папулярных маршрутаў на адпачынак пад палаткай згадваюцца такія рэгіёны, як азёры на Мазурах, горныя масівы Пяніны і Бяшчады, а таксама ўзбярэжжа Балтыйскага мора. Адпачынак пад палаткай выбіраюць нават сем'і з дзецьмі ды заможныя людзі, як больш танны від вандровак, з большым спакоем і свабодай.
Юры Ліхтаровіч