Polskie Radio

Камітэт па абароне журналістаў заклікаў беларускія ўлады вызваліць усіх прадстаўнікоў СМІ

Ostatnia aktualizacja: 17.09.2026 09:57
Заява прагучала пасля таго, як стала вядома пра вызваленне пецярых медыяменеджараў і журналістаў: Андрэя Аляксандрава, Дзмітрыя Наважылава, Кірыла Пазняка, Яніны Пазняк і Людмілы Чэкінай.
   ,    ,
Беларускі журналіст Андрэй Аляксандраў, вызвалены з лукашэнкаўскай турмы, выходзіць з мікрааўтобуса пасля прыбыцця ў ВільнюсFoto: REUTERS

Камітэт па абароне журналістаў (CPJ) заклікаў беларускія ўлады «неадкладна і без якіх-небудзь умоў» вызваліць прадстаўнікоў СМІ, якія застаюцца ў зняволенні.

Заява прагучала пасля таго, як стала вядома пра вызваленне пецярых медыяменеджараў і журналістаў: Андрэя Аляксандрава, Дзмітрыя Наважылава, Кірыла Пазняка, Яніны Пазняк і Людмілы Чэкінай.

— Мы вельмі рады і адчуваем велізарную палёгку, бачачы, што Андрэй Аляксандраў, Дзмітрый Наважылаў і Кірыл Пазняк нарэшце выйшлі на волю. Іх наогул не павінны былі саджаць у турму: святкуючы сёння іх вызваленне, мы адначасова з болем усведамляем, колькі гадоў яны страцілі і праз якія жудасныя выпрабаванні ім давялося прайсці проста за тое, што яны выконвалі сваю працу, — заявіла рэгіянальны дырэктар CPJ па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Фіёна О’браэн. — Нашы думкі таксама з 18 іншымі журналістамі, якія па-ранейшаму знаходзяцца ў зняволенні ў Беларусі, — дадала яна.

Вызвалення ўсіх беларускіх прадстаўнікоў СМІ 16 верасня запатрабавала таксама міжнародная арганізацыя RSF («Рэпарцёры без межаў»). RSF адзначала, што прымушаць журналістаў да выгнання ў Літву — жорстка.

— Усе журналісты, якія застаюцца пад вартай, павінны быць неадкладна і безумоўна вызваленыя, — заявілі ў арганізацыі.

16 верасня па выніках перамоў у Мінску спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла і Аляксандра Лукашэнкі былі вызваленыя 25 палітвязняў, у тым ліку пяць прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі. Яны вывезены ў Літву.

Паводле даных Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), у зняволенні застаецца 15 работнікаў СМІ.

Крыніца: «Позірк. Навіны пра Беларусь»/БАЖ/юл