Беларуская Служба

Ад апошняга караля Рэчы Паспалітай застаўся толькі гузік

12.03.2020 10:01
Ежы Станіслаў Маеўскі расказвае пра лёс астанкаў Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
Аўдыё
  • С.Е.Маеўскі пра астанкі С.А.Панятоўскага
         .
Грабніца караля Станіслава Аўгуста ў крыпце кафедральнага касцёла ў Варшаве.Commons.wikimedia.org/Adrian Grycuk/CC-BY-SA 3.0

У лодзінскім выдавецтве „Księży Młyn” у 2019 годзе выйшла кніга Ежы Станіслава Маеўскага „Sekrety Warszawy” («Cакрэты Варшавы»). Адзін з гэтых сакрэтаў — труна апошняга караля Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Ежы Станіслаў Маеўскі — польскі журналіст, краязнавец, даследчык Варшавы, гісторык мастацтва. З 1993 года друкуецца ў выданні „Gazeta Stołeczna”, варшаўскім дадатку да газеты „Gazeta Wyborcza” — піша пра архітэктуру і жыхароў сталіцы Польшчы, аўтар і сааўтар некалькіх кніг пра Варшаву.

На старонцы 27-й кнігі „Sekrety Warszawy” пачынаецца расказ “Таямніца каралеўскай труны” — пра лёс астанкаў Станіслава Аўгуста Панятоўскага, апошняга караля Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў — Каралеўства Польскага і ВКЛ.

Ежы Станіслаў Маеўскі і яго кніга „Sekrety Warszawy”. Ежы Станіслаў Маеўскі і яго кніга „Sekrety Warszawy”.

Ежы Станіслаў Маеўскі: — Станіслаў Аўгуст Панятоўскі памёр у 1798 годзе ў Санкт-Пецярбургу, калі расійскім царом быў Павел І, які рабіў усё насуперак сваёй маці Кацярыне ІІ. Таму Павел І хацеў аднавіць Польскае Каралеўства і аддаць яго трон Станіславу Аўгусту. Але гэтага не адбылося.

Станіслаў Аўгуст памёр раптоўна. Перад смерцю ён выпіў булён і някепска сябе адчуваў. Але раптам упаў і памёр.

Павел І арганізаваў вельмі паказное пахаванне з удзелам некалькіх тысяч салдат, якія стаялі ўздоўж маршрута пахавальнай працэсіі з палаца, дзе памёр Станіслаў Аўгуст, да касцёла Святой Кацярыны на Неўскім праспекце, дзе быў пахаваны.

У касцёле Святой Кацярыны ў Санкт-Пецярбургу астанкі апошняга караля польскага і вялікага князя літоўскага знаходзіліся да 1938 года.

Ежы Станіслаў Маеўскі: — Раптам у 1938 годе ў Стоўбцах, на граніцы Польшчы і СССР, з’явіўся апламбіраваны вагон, на якім быў надпіс “Польшча” — у адзін канец. А ў сярэдзіне знаходзілася труна са Станіславам Аўгустам.

Гэту труну загадаў паслаць у Польшчу Сталін. Бо ў той час у Ленінградзе планавалі вялікую рэканструкцыю, да якой, аднак, не дайшло. І ў сувязі з гэтым касцёл Святой Кацярыны збіраліся разбурыць. У той час у СССР знішчалі многа храмаў. І таму з касцёла выцягнулі вялізарную металічную труну караля, якая ляжала ў іншай труне. У часы Паўла І яна была выканана з вялікай раскошай.

Вось што здарылася пасля таго, як цягнік з труной Станіслава Аўгуста Панятоўскага прыбыў на станцыю Стоўбцы.

Ежы Станіслаў Маеўскі: — Адразу ж пра гэта даведаўся палескі ваявода. Адразу ўсе ўзрушыліся. Але ўсё рабілася ў таямніцы. Пра гэта даведаўся прэзідэнт РП Ігнацы Масціцкі, які загадаў прэм’ер-міністру Славою Сладкоўскаму ўсё правесці як мага цішэй. Але чаму менавіта так сябе паводзілі? Можа быць, гэта было звязана з аўтарытарным рэжымам таго часу, які хацеў усё схаваць? А Станіслава Аўгуста тагачасныя гісторыкі ацэньвалі негатыўна, як чалавека, які быў адказны за заняпад Рэчы Паспалітай, за яе падзел.

Ежы Станіслаў Маеўскі мяркуе, што Станіслаў Аўгуст Панятоўскі не ўпісваўся ў тагачасную гістарычную палітыку Польшчы, і таму яго хацелі дзесьці схаваць.

Ежы Станіслаў Маеўскі: — Была ідэя, дзе яго схаваць. Лепш за ўсё там, дзе нарадзіўся — у Воўчыне, недалёка ад Брэста, нават бліжэй да Бялай-Падляскай, за 500 м ад цяперашняй граніцы з РП. Там караля было пастаноўлена пахаваць. У сувязі з тым, што там няма чыгункі, то труну Станіслава Аўгуста, мабыць, прывезлі на вазах ноччу. Ноччу быў абуджаны пробашч воўчынскага касцёла. Храм быў пабудаваны ў часы кіравання Рэччу Паспалітай саксонскай дынастыяй — Сасамі — варшаўскім архітэктатарам саксонцам па паходжанні Ёганам Зігмундам Дэйблем.

Ёган Зігмунд Дэйбл стварыў або рэканструяваў такія выдатныя прыклады варшаўскай архітэктуры, як Саксонскі палац (ад яго захаваліся аркі — Магіла Невядомага салдата), палац у Вілянаве, палацы Урускіх, Браніцкіх, Сапегаў, Радзівілаў (апошні цяпер — Прэзідэнцкі палац), а таксама палац Браніцкіх у Беластоку.


Труна Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў воўчынскім касцёле. Труна Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў воўчынскім касцёле.

Ежы Станіслаў Маеўскі: — Пабываўшы два гады таму ў воўчынскім касцёле, я убачыў яго такім. Гэты храм выглядае як павільён для прыдворных забаў. Гэта квадратны, з закругленымі вуглавымі часткамі фасада будынак.

Але вернемся ў 1938 год.

І вось воўчынскага ксяндза выцягваюць з ложка і загадваюць маўчаць. А труну з каралём збіраліся спусціць у падзямелле касцёла. Аднак гэта аказалася цяжка. Бо вокны былі занадта малыя. Але ўрэшце труну ўцягнулі ў сутарэнне і замуравалі акно да сутарэння. У гэтым удзельнічаў войт, якому таксама загадалі маўчаць. Але, як бывае з таямніцамі, не прайшоў мо і месяц, як уся Польшча ведала пра тое, што адбылося.

У Воўчын накіраваліся рэпарцёры, і дзякуючы гэтаму захавалася многа фотаздымкаў таго часу.

І ў выніку ў нас ёсць здымкі і таго войта, і будынка, дзе працаваў войт, і касцёла, і замураванага акна.

Аднак у 1939 годзе Воўчын быў заняты савецкімі, а ў 1941-м нямецкімі, а ў 1944-м зноў савецкімі войскамі. У выніку касцёл быў спустошаны.

Ежы Станіслаў Маеўскі: — Грабніца была апаганена. Астанкі караля зніклі. Расказвалі гісторыі, што чэрапам Станіслава Аўгуста гулялі ў футбол. Але відавочна, што гэта лухта, бо ў той час ужо не было чэрапа. Бо калі труну адкрывалі, то аказалася, што там не было ўжо ні чэрапа, ні нагі. Ад караля застаўся касцявы прах. Бо ў крыпце ў Санкт-Пецярбургу падчас паводкі труна неаднаразова залівалася вадой, і астанкі караля згнілі. І няшмат ад гэтага караля засталося.

Ежы Станіслаў Маеўскі даведаўся, што ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х энтузіясты паехалі ў Воўчын, каб знайсці астанкі караля. Але было знойдзена няшмат.

Ежы Станіслаў Маеўскі: — З тых костак амаль нічога не засталося. Ад караля застаўся толькі гузік і кавалкі сукна. Усё гэта сабралі і прывезлі ў нейкі інстытут у Мінску і там гэта ўсё ляжала.

Паводле Ежы Станіслава Маеўскага рэшткамі астанкаў караля зацікавіўся былы міністр культуры Беларусі.

Ежы Станіслаў Маеўскі: — І ён усё проста паклаў у папку і прывёз у Польшчу.

Тады вырашылі перапахаваць караля. І ў крыпце ў кафедральным касцёле ў Варшаве была спраектавана Робертам Кункелем маленькая плоская грабніца. І там той гузік і касцявы прах быў пахаваны.

Гэта была вялікая ўрачыстасць у пачатку 1990-х гадоў.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост