Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Расіі ўлады ціснуць на паплечнікаў Навальнага

22.01.2021 09:33
Бліжэйшых супрацоўнікаў Аляксея Навальнага судзяць у Маскве за заклік выходзіць на вуліцу, каб падтрымаць апазіцыянера.
Здымак мае ілюстрацыйны характарEPA/YURI KOCHETKOV Dostawca: PAP/EPA

У суботу павінна адбыцца агульнарасійская акцыя пратэсту пад лозунгам "вызваліць Навальнага". Палітык знаходзіцца ў арышце. Яго затрымалі адразу пасля вяртання ў Расію з Нямеччыны, дзе апазіцыйны лідар знаходзіўся цягам пяці месяцаў пасля спробы атруціць яго баявым рэчывам "Навічок".

Кіраўнікі 27 краін ЕЗ заклікалі Расію неадкладна вызваліць Аляксея Навальнага, пра што паведаміў прэзідэнт Еўрапейскай рады Шарль Мішэль.

- Мы асуджаем арышт Аляксея Навальнага расійскімі ўладамі. Яго правы павінны выконвацца. Мы таксама чакаем ад Расіі тэрміновага правядзення незалежнага і празрыстага расследавання замаху на Аляксея Навальнага і поўнага супрацоўніцтва з Арганізацыяй па забароне хімічнай зброі ў рамках аб'ектыўнага міжнароднага расследавання.

Гэты заклік Крэмль праігнараваў. У Маскве занятыя тым, каб стрымаць прыхільнікаў Аляксея Навальнага ад удзелу акцыі салідарнасці.

У чацвер міліцыя затрымала бліжэйшых паплечнікаў апазіцыянера. У пятніцу іх прыцягнуць да суда. Ім пагражаюць адміністрацыйныя арышты на некалькі дзён. Адміністратары пяці самых папулярных сайтаў сацыяльных сетак у свеце таксама атрымалі папярэджанні.

Міністэрства адукацыі Расіі заклікала бацькоў "абараніць дзяцей ад незаконнага пратэсту". Студэнты некалькіх ВНУ паведамілі, што ўніверсітэцкія ўлады пагражаюць выключэннем тым, хто возьме ўдзел у акцыях салідарнасці з Аляксеем Навальным.

ПР/юл