Беларуская Служба

Гісторык: З даваеннай Польшчы ў Аргенціну эмігрыравалі перш за ўсё яўрэі, украінцы і беларусы

29.04.2021 10:03
Кандыдат гістарычных навук Сяргей Шабельцаў расказвае пра эміграцыю беларусаў з даваеннай Польшчы ў Аргенціну.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". С.Шабельцаў пра беларусаў з РП у Аргенціне.
  -   .
Кіраўніцтва Беларускай культурна-прасветнай грамады ў Аргенціне.Архіў Сяргея Шабельцава

Большасць беларусаў, якія эмігрыравалі да Другой сусветнай вайны ў Аргенціну, паходзілі з беларускіх зямель Рэспублікі Польшча — цяперашніх заходніх раёнаў Рэспублікі Беларусь.

Сяргей Шабельцаў, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, даследчык гісторыі беларусаў у Аргенціне, абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме “Украінцы і беларусы ў Аргенціне: грамадска-палітычная дзейнасць і сувязі з радзімай (1945-1991 гг.)”, падрыхтаваў манаграфію “Беларусы ў Аргенціне: ідэнтыфікацыя, адаптацыя і грамадска-палітычная дзейнасць (канец ХІХ — пачатак ХХІ ст.)”.

Сяргей Шабельцаў падчас міжнароднай навуковай канферэнцыі «Беларуская ідэнтычнасць: вопыт мінулага і выклікі сучаснасці», праведзенай 1 красавіка ў дыстанцыйным рэжыме кафедрай міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта, расказаў, што эміграцыя з усходніх зямель даваеннай Польшчы ў Аргенціну, у т.л. беларусаў, была выклікана недахопам зямлі на бацькаўшчыне.

Сяргей Шабельцаў:Прыблізна 20 тысяч беларусаў эмігрыравалі з Рэспублікі Польшча ў Аргенціну, з іх каля 39% — з Палескага ваяводства, калі глядзець па колькасці эмігрантаў з 4 ваяводстваў РП: Беластоцкага, Віленскага, Навагрудскага і Палескага. З-пад Баранавіч шмат было людзей.

Эмігранты, якія прыязджалі ў Аргенціну, перш за ўсё імкнуліся ўладкавацца ў сталіцы краіны Буэнас-Айрэсе. Але некаторыя ехалі таксама на поўнач Аргенціны, дзе былі неасвоеныя землі ў трапічным клімаце — сельва. Многія беларусы з Польшчы сталі піянерамі асваення гэтых зямель.

Сяргей Шабельцаў:Яны вырубалі ці выпальвалі дрэвы, апрацоўвалі зямлю, садзілі расліны, якіх не садзілі на радзіме: парагвайскую гарбату “матэ”, тытунь, кукурузу. Але большасць пакідала гэту зямлю і пераязджала ў Буэнас-Айрэс, дзе былі больш спрыяльныя ўмовы для жыцця. Яны працавалі на бойнях, у прамысловасці.

Сяргей Шабельцаў расказвае, што беларусы з Аргенціны дасылалі грошы сваім сваякам у Польшчу. А некаторыя заставаліся ў Аргенціне назаўсёды. Аднак назваць дакладную колькасць беларусаў, якія эмігрыравалі з Польшчы ў Аргенціну, не так проста.

Сяргей Шабельцаў:Польскі ўрад не веў улік імігрантаў па этнічнай прыналежнасці. Улічвалі толькі веравызнанне. Сярод эмігрантаў з Польшчы праваслаўных і грэка-католікаў было дзесьці 50 тыс. чалавек. Польскія чыноўнікі канстатавалі, што сярод эмігрантаў з Польшчы ў Аргенціне пераважаюць не карэнныя палякі, а этнічныя меншасці з РП. Сярод гэтых людзей большасць складалі яўрэі, за імі ішлі ўкраінцы — 30-40 тыс. чалавек, а затым беларусы — 10-20 тыс. чалавек.

Аргенцінская статыстыка фіксавала толькі грамадзянства эмігрантаў: эмігрант з РП запісваўся палякам (ісп. en polaco). Беларусы былі сярод праваслаўных або католікаў. Многія называлі сябе en polaco і жылі з польскімі пашпартамі, не прымаючы аргенцінскага грамадзянства.

Характарызуючы беларускіх эмігрантаў з Польшчы ў Аргенціне Сяргей Шабельцаў адзначае, што многія з іх былі крытычна настроены да дзяржаўнага ладу ў краіне, адкуль яны прыехалі:

Сяргей Шабельцаў:Многія сімпатызавалі СССР, камунізму. І разам з такімі ж украінцамі з РП у 1929 годзе пры Кампартыі Аргенціны арганізавалі Саюз украінскіх і беларускіх рабочых арганізацый у Аргенціне. Пасля таго, як аргенцінскія ўлады загналі камуністаў у падполле, СУБРА распусцілі і адкрыліся легальныя прасавецкія пракамуністычныя нацыянальныя арганізацыі. Першае беларускае Культурна-прасветнае таварыства ўзнікла ў 1934 годзе ў Буэнас-Айрэсе. Пасля сталі адкрывацца іншыя таварыствы. І яны аб’ядналіся ў 1939 годзе ў Беларускую федэрацыю ў Аргенціне. Адных прыводзілі ў гэтыя таварыствы прасавецкія сімпатыі, другіх — тое, што яны хацелі размаўляць па-беларуску, яны выдавалі газеты і беларускія календары.


Сяргей Шабельцаў. Сяргей Шабельцаў.

Сяргей Шабельцаў гаворыць, што ў Аргенціне не было адзінства ў разуменні, хто такія беларусы, бо ў сялян з Заходняй Беларусі была “размытая” нацыянальная ідэнтычнасць.

Сяргей Шабельцаў:Называючы сябе беларусамі, адны лічылі, што гэта азначае іх як праваслаўных з Польшчы. Другія лічылі, што яны беларусы, бо прыехалі з “Заходняй Беларусі”, называючы так паўночна-ўсходнюю Польшчу. Трэція — бо размаўлялі на беларускай мове. Паняцце “беларус” не было адназначным. Некаторыя католікі з Заходняй Беларусі, якім не падабаўся “буржуазны” лад Польшчы, з сімпатыяй глядзелі на СССР, дзе была БССР, развівалася беларуская культура, і таму лічылі сябе беларусамі, бо выступалі за камуністаў, якія размаўлялі на беларускай мове.

Сяргей Шабельцаў расказвае таксама пра польскія нацыянальныя арганізацыі ў даваеннай Аргенціне і іх узаемадзеянне з беларускімі.

Сяргей Шабельцаў:Гэта былі звычайна “польскія дамы”, і гэта былі не прасавецкія арганізацыі, акрамя адной — таварыства імя Мар'і Канапніцкай, з якім узаемадзейнічалі беларусы.

Калі пачалася Другая сусветнай вайна, то ў Аргенціне пачаўся набор у польскую армію, якая змагалася на Захадзе супраць нацыстаў пад кіраўніцтвам Вялікабрытаніі. Таварыства імя Мар'і Канапніцкай было супраць таго, каб палякі ехалі на вайну, бо ўспрымалі вайну як змаганне капіталістычных дзяржаў дзеля сваіх інтарэсаў.

А беларусы з прасавецкіх арганізацый у Аргенціне віталі ў 1939 годзе далучэнне Заходняй Беларусі да СССР. Падчас вайны яны дапамагалі СССР: збіралі грошы, рэчы і адпраўлялі іх у СССР праз “Чырвоны крыж”.

Такім чынам, зусім невыпадкова некаторыя беларусы, якія да Другой сусветнай вайны прыехалі ў Аргенціну з Польшчы, пасля вайны вырашылі вярнуцца на бацькаўшчыну, якая тады знаходзілася ў граніцах СССР.

Сяргей Шабельцаў:У 1946 годзе ў Аргенціне з’явілася пасольства СССР. Некаторыя выхадцы з беларускіх і ўкраінскіх зямель даваеннай Польшчы памянялі польскія пашпарты на савецкія, а ў 1950-я гг. быў арганізаваны іх масавы пераезд у СССР — рээміграцыя. У СССР прыехала каля 2 тыс. беларусаў.

Прасавецкія беларускія арганізацыі былі забаронены ўрадам Аргенціны ў 1949 годзе. Але ў 1950-я гг. былі арганізаваны прасавецкія клубы імя М. Горкага, В. Бялінскага, А. Талстога, у якія ўваходзілі ўкраінцы і беларусы з даваеннай РП. І гэтыя таварыствы існуюць дагэтуль.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост